Гісторыкам з Акадэміі навук даручылі зрабіць зборнік пра Курапаты

 Гісторыкам з Акадэміі навук даручылі зрабіць зборнік пра Курапаты

Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук зоймецца падрыхтоўкай і выданнем зборніка дакументаў пра сталінскія рэпрэсіі ды расстрэлы ў Курапатах. Пра такое даручэнне гісторыкам паведамляе партал tut.by.

Пра існаванне такога даручэння паведаміў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. "Па гэтай тэме будзе круглы стол, але пакуль канкрэтных рэчаў няма — давайце не будзем дэталізаваць", — дадаў гісторык.

Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч пацвердзіў, што такое даручэнне ёсць, але ад далейшых каментароў пакуль адмовіўся.

Загадчык цэнтра новай і найноўшай гісторыі Інстытута гісторыі Мікалай Смяховіч кажа, што ў 1990-я гады ў Інстытуце гісторыі вялася вялікая праца па гэтай тэме і нават была вялікая група па даследаванні рэпрэсій перыяду 1920-50-х гадоў. 

"Натуральна, матэрыялы пэўныя сабраны, частка іх друкавалася. Так што для нас гэтая праца не з'яўляецца чымсьці новым ці невядомым. Быў нават намер рыхтаваць зборнік, і не толькі па Курапатах, а наогул па праблеме. Але ёсць жа акрамя навуковых фінансавыя і іншыя нейкія пытанні — тады справа затармазілася", — патлумачыў спецыяліст.

На яго думку, гэтую працу немагчыма зрабіць не толькі без фінасавання і вялікага калектыву, але і без доступу ў архівы КДБ. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі