Год ашчаднасці: у бібліятэцы без ноўтбукаў, а ва ўніверы не працуе ліфт

130304_martin_ekonom.mp3

У сталічнай бібліятэцы імя Цёткі (Алаізы Пашкевіч) эканомяць: у “дзяржаўныя” электрасеткі нельга ўключаць прыватныя ноўтбукі.

“У нас не карыстаюцца. Гэта ж дзяржаўная электраэнергія! А ў астатнім абмежаванняў няма”, — распавядаюць Еўрарадыё ў бібліятэцы.

Мы вырашылі высветліць, на якія яшчэ радыкальныя меры эканоміі падштурхнуў беларускія дзяржустановы Год ашчаднасці.

У інтэрнатах Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта студэнтам забаронена карыстацца электрычнымі чайнікамі. Кожны з іх з’ядае больш за 2 кілаваты энергіі, тлумачаць Еўрарадыё ў адміністрацыі інтэрната:

“Нічога звышнатуральнага. Раней былі электрачайнікі, цяпер забаранілі карыстацца. Ноўтбукі — адзін на кожнага жыхара інтэрната. Калі ў адну разетку і ноўтбук, і музычны цэнтр, і чайнік — уявіце, што будзе!?”.

Каб зберагчы энергію, тут уцяпляюць вокны і ставяць энергазберагальныя лямпачкі.

У адным з інтэрнатаў Баранавіцкага ўніверсітэта Еўрарадыё ўпэўніваюць, што зберагаць пачалі не сёлета. І нават не летась.

“Кожныя паўгода кіраўніцтва адпісваецца, колькі энергіі ашчадзілі. Ёсць нормы па вільготнасці, асвятленні, тэмпературы. Перыядычна ходзім з градуснікамі правяраем, зачыняем дзверы”, — кажуць ва ўніверы.

А вось у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце упэўніваюць, што ноўтбукамі ў іх бібліятэках карыстацца можна. І здзіўляюцца, што недзе на гэта існуюць забароны.

У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя Пушкіна  эканомяць на… ліфтах, скардзіцца студэнт Юрый:

“У нас ва ўніверсітэце тры ліфты, а звычайна працуюць два ці адзін. Яны старыя ўжо, але новыя не ставяць. Відаць, эканомяць”.

У 53-й сталічнай школе прыгадваюць, што эканомяць на электраплітах: уключаюць паводле графіку. У мінулым годзе адміністрацыя атрымала перарасход па электрычнасці. Сёлета збіраюцца эканоміць…

У сталічных дзіцячых яслях-садку №226 паставілі дзверы з ПВХ, каб эканоміць цяпло. Вучаць эканоміць і бацькоў, чытаюць дырэктыву кіраўніка краіны на сходах:

“На сходах чытаем дырэктыву прэзідэнта, працуем з дзеткамі па групах”.

Ці даносяць бацькі такую асвету з дзіцячага садка дадому — застаецца толькі здагадвацца. У планах урада сёлета зэканоміць 1,43 мільёна тон умоўнага паліва. Паглядзім, ці атрымаецца…

Фота: pniva.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі