Гомельская настаўніца схавала ад дзяржавы 1,2 млрд даходу
Гомельская настаўніца англійскай мовы схавала ад дзяржавы 1,2 млрд рублёў даходу. Раней яна прадавала расійскую электроніку, увезеную без дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё.
Як піша газета "Советский район", бізнесам настаўніца пачала займацца ў 2012 годзе, калі была яшчэ студэнткай. У падатковай дэкларацыі частка даходаў ад продажу не адлюстроўвалася. Яе выявілі ў выніку праверкі, якую справакавала сама жанчына, калі падала ў падатковую інспекцыю заяву аб спыненні дзейнасці па месцы гомельскай прапіскі.
Сродкі, якія паступілі за тры гады на разліковы рахунак, былі супастаўлены з сумамі выручкі, адлюстраванымі ў падатковых дэкларацыях па падаходным падатку з фізічных асобаў. Высветлілася, што даходы ў 2012 годзе былі заніжаны на 127 мільёнаў рублёў, у 2013 — ужо на 809 мільёнаў. Гэтаму спадарожнічалі і іншыя сур’ёзныя парушэнні падатковага заканадаўства.
Настаўніца і прадпрымальніца будзе прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці. Па выніках праверкі яна мусіць выплаціць 726,1 млн рублёў, 251,8 млн з якіх — пеня. У эканамічны суд Гомельскай вобласці накіравалі матэрыялы аб рэалізацыі тавараў без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё. Паводле судовага рашэння незаконна атрыманыя 1,2 млрд рублёў могуць быць канфіскаваныя.
Фота: БЕЛТА