Грамадскія абмеркаванні па забудове Мінска могуць памяняць
Грамадскія абмеркаванні праектаў па забудове Мінска могуць змяніцца. Пра сваё бачанне такіх абмеркаванняў старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Павел Лучыновіч распавёў на прэс-канферэнцыі 22 жніўня, паведамляюць "Мінск-Навіны".
Як прыклад ён згадаў праект "Актыўны грамадзянін", які рэалізуецца ў Маскве. Гэта ініцыятыва мясцовага ўрада, які праводзіць праз сайт і мабільны дадатак апытанні жыхароў горада. Апытанні ў ім дзеляцца на тры катэгорыі: агульнагарадскія, галіновыя і раённыя. За ўдзел у іх карыстальнікам налічваюцца бонусныя балы, якія можна выдаткаваць на аплату паркоўкі, бясплатнае наведванне музеяў або сувеніры. Вынікі такіх апытанняў улічваюцца толькі пры прыняцці мэрыяй рашэнняў, юрыдычнай сілы яны не маюць.
Такім чынам, можна чакаць, што і ў Беларусі грамадскія абмеркаванні будуць ладзіцца ў тым ліку ў інтэрнэце.
Як паведамлялася раней, на сходах жыхароў, якія чыноўнікі ладзяць у мінскіх раёнах, мясцовыя жыхары вельмі часта негатыўна ўспрымаюць новаўвядзенні і актыўна супрацьстаяць ім.