Грамадзянін Беларусі пацярпеў падчас нападу на “Крокус Сіці Хол”
“Крокус Сіці Хол”
Грамадзянін Беларусі пацярпеў падчас нападу на “Крокус Сіці Хол”. Ён у цяжкім стане, у адной з маскоўскіх лякарняў. За яго жыццё змагаюцца дактары. Пра гэта заявіў амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой.
Па яго словах, беларусы могуць быць і сярод загінулых. На дадзены момант іх колькасць ацэньваецца ў 62 чалавекі — сярод іх трое дзетак. Пацярпелі 183 чалавекі. Афіцыйны спіс ахвяраў улады Падмаскоўя апублікуюць цягам 23 сакавіка.
Тэракт у “Крокус Сіці Хол” адбыўся ўвечары 22 сакавіка. Узброеныя мужчыны ўварваліся ў канцэртную залу і пачалі страляць. Таксама яны разлілі гаручую вадкасць і падпалілі яе. Відавочцы распавядаюць, што чулі выбухі. Пачаўся пажар, ахвярамі якога таксама стала шмат людзей.
Нападнікі з'ехалі з месца здарэння на белым "Рэно" (па некаторых звестках, аўтамабіляў было два). Іх шукалі некалькі гадзінаў. Раніцай 23 сакавіка з'явілася інфармацыя, што двое падазраваных ва ўчорашнім тэракце затрыманыя непадалёк ад мяжы Расіі з Беларуссю. Гэта нібыта грамадзяне Таджыкістана.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.