Губарэвіч: сабраць 100 тысяч подпісаў ва ўмовах эпідэміі немагчыма

Губарэвіч: сабраць 100 тысяч подпісаў ва ўмовах эпідэміі немагчыма

Паўнавартасная выбарчая кампанія са зборам 100 тысяч подпісаў ва ўмовах эпідэміі немагчымая. Таку думку выказвае Юрась Губарэвіч, лідар руху "За Свабоду!" і адзін з удзельнікаў апазіцыйных праймерыз па вызначэнні адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.

"Апазіцыя мела розныя стратэгіі на прэзідэнцкую выбарчую кампанію, але каронавірусная эпідэмія ўсё для ўсіх абнуліла, — мяркуе ён. — Да ўсяго, сваю кампанію Лукашэнка пачаў з рэпрэсій". 

Цягам тыдня ў Беларусі былі затрыманыя некалькі папулярных Youtube-блогераў, актывісты "Моладзевага блоку", праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Брэстам. Затрыманні адбываліся і на акцыях у падтрымку затрыманых.

"Мы захоўваем адзінства, хаця праз эпідэмію і ў сілу іншых прычынаў вызначыцца з адзіным кандыдатам не ўдалося, — працягвае Юрась Губарэвіч. — Мы [палітыкі, якія ўдзельнічалі ў праймерыз. — Еўрарадыё] падаем на рэгістрацыю супольную ініцыятыўную групу. Пакуль будзе весціся збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў, [мы] будзем мець легальную магчымасць для мабілізацыі пратэстных настрояў. Якія растуць на вачах, гэтак жа як відавочна абвальваецца рэйтынг Лукашэнкі".

10 траўня стала вядома, што апазіцыйныя праймерыз згортваюцца без вызначэння адзінага кандыдата на выбарах. Удзельнікі праймерыз звяртаюцца да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з просьбай перанесці выбары на больш позні тэрмін. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі