Гукарэжысёр БТ Уладзімір Жолудзь спыніў галадоўку
Гукарэжысёр Белтэлерадыёкампаніі Уладзімір Жолудзь выходзіць з галадоўкі, якую ён трымаў з 15 лютага ў знак пратэсту супраць несправядлівай сістэмы аплаты працы. У сваім чарговым відэазвароце ў сетцы Вконтакте Жолудзь паведаміў, што пачаў паступовы выхад з галадоўкі апоўдні 20 лютага.
Па яго словах, ён дамогся пастаўленай мэты. 17 лютага яго прыняў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, паглядзеў на разліковы лісток супрацоўніка, паабяцаў разабрацца і прыняць меры.
Таксама Жолудзь сустрэўся з кіраўнікамі падраздзяленняў БТ і “дэтальна абмеркаваў” механізмы змянення сітуацыі. Калі ж абяцанні не будуць выкананыя, гукарэжысёр звольніцца “са спакойнай душой”.
Падставай для акцыі пратэсту стаў надзвычай нізкі заробак, які Уладзімір Жолудзь атрымаў за падрыхтоўку трансляцыі нацыянальнага адбору на “Еўрабачанне”. За тыднёвую працу ў рэжыме з 9 раніцы да ночы ён атрымаў усяго 600 тысяч рублёў.
У сваю чаргу БТ размясціла на сваім сайце інфармацыю пра фінансавыя ўмовы працы гукарэжысёра 2-й кваліфікацыйнай катэгорыі Уладзіміра Жолудзя. Паводле гэтай інфармацыі, ён працуе ў холдынгу на палову стаўкі і зарабляе ў сярэднім 7 мільёнаў рублёў за месяц. За праект “Еўрабачанне” яму выплацілі ганарар у памеры 1 мільёна 150 тысяч рублёў. Таксама кіраўніцтва аддзелу гукарэжысёраў 10 лютага прыняло рашэнне прэміраваць яго 1 мільёнам рублёў па выніках праекта, і кіраўніцтва БТ гэта падтрымала.
Апроч таго, у паведамленні адзначалася, што гукарэжысёр Жолудзь жыве ў інтэрнаце, за які плаціць каля 100 тысяч рублёў на месяц. “Журналісты Белтэлерадыёкампаніі, роўна як і многія мінчане, якія арандуюць камерцыйнае жыллё, напэўна пазайздросцяць нашаму гукарэжысёру”, — гаворыцца ў паведамленні.