Гукарэжысёр, які рыхтаваў трансляцыю “Еўрабачання”, абвясціў галадоўку (відэа)

Гукарэжысёр, які рыхтаваў трансляцыю “Еўрабачання”, абвясціў галадоўку (відэа)

Гукарэжысёр Белтэлерадыёкампаніі Уладзімір Жолудзь 15 лютага абвясціў галадоўку. Пра гэта ён паведаміў у відэазвароце, размешчаным у сацыяльнай сетцы ВКонтакте. Мэта акцыі — прыцягнуць увагу да “несправядлівай сістэмы ацэнкі складанасці, якасці і аплаты працы ў тэлекампаніі”.

Паводле спецыяліста, яго аклад на палову стаўкі складае 600 тысяч рублёў, астатні заробак забяспечваюць ганарары за праграмы, якія выйшлі ў эфір. Рашэнне аб акцыі пратэсту Уладзімір Жолудзь прыняў пасля таго, як з ім разлічыліся за апошнюю буйную працу — падрыхтоўку і наўпроставую трансляцыю нацыянальнага адбору на “Еўрабачанне”.

Супрацоўнік БТ паведаміў, што падрыхтоўка праекта ішла каля тыдня ў рэжыме з 9-10 раніцы да 22-24 вечара “без гарачага харчавання і перапынку на абед”. “За гэтую вельмі тэхналагічную і складаную гукарэжысёрскую працу я атрымаў 600 тысяч беларускіх рублёў”, — сказаў гукарэжысёр.

Таксама ён адзначыў, што гэтая сітуацыя паўтараецца штогод, хоць кіраўніцтва і пагадзілася, што на такія грошы нельга пражыць. Пры гэтым на іншых беларускіх каналах — АНТ і СТБ — сітуацыя лепшая. Начальства заявіла Уладзіміру Жолудзю, што не мае грошай, таму ён можа звольніцца, або запісацца на прыём да кіраўніка медыяхолдынгу. Прыём прызначаны на 23 лютага.

Гукарэжысёр адзначае, што яго рашэнне пра працяг або спыненне галадоўкі будзе залежаць ад вынікаў гэтай сустрэчы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі