Гурт Litvintroll спыняе сваё існаванне
Пасля дзесяці год працы.
Беларуская музычная метал-каманда Litvintroll абвясціла пра свой самароспуск. Адпаведную заяву музыкі зрабілі ў сваёй афіцыйнай суполцы праз дзень пасля свайго сумеснага канцэрту ў Мінску з фінскай камандай Finntroll. Такая навіна стала поўнай нечаканасцю для прыхільнікаў калектыву.
“Ансамбль Litvintroll спыняе сваё існаванне. За дзесяцігоддзе свайго жыцця мы прайшлі шмат дарог, адыгралі безліч канцэртаў і спаткалі сапраўдных сяброў. Гэта быў насычаны час. На жаль не ўсе ўдзельнікі гурта ўсведамляюць тую адказнасць, якую накладае званне музыкі, таму з гэтага моманту гурт Litvintroll абвяшчаецца распушчаным”, — заявілі музыкі.
Удзельнік і фактычны дырэктар гурта Васіль Верабейчыкаў у каментары сайту tuzin.fm адзначыў, што “тролі” разышліся з-за спрэчак пра далейшы лёс гурта. Ён прапаноўваў упарадкаваць працу і падпісаць кантракт, каб стаць больш прафесійнай камандай. Іншыя ўдзельнікі з прапановамі не пагадзіліся і захацелі , каб Верабейчыкаў сышоў з гурта. Але паколькі гурт зарэгістраваныя на яго, то існаваць надалей калектыў не можа.
Васіль Верабейчыкаў спадзяецца, што ў яго атрымаецца дамовіцца з былымі калегамі, але ён прызнаецца, што не ведае, як сітуацыя будзе развівацца надалей.