Гутар, які прайшоў "абрад ачышчэння" перад рэжымам, стаў гульцом "Мінска"
Аляксандр Гутар
35-гадовы Аляксандр Гутар, які прайшоў "абрад ачышчэння" перад рэжымам, стаў гульцом "Мінска", аднаго з аўтсайдэраў вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе. Кантракт дзейнічае да канца года, паведамляе клубная прэс-служба. "Хочацца дапамагчы гэтай камандзе, маладым хлопцам — і вопытам, і справай", — кажа брамнік.
У 2022-м пад кіраўніцтвам міністра спорту Сяргея Кавальчука ў Беларусі быў складзены "чорны спіс" футбалістаў, якім не дазволілі гуляць у беларускім чэмпіянаце. У 2020-м яны на відэа сказалі "Мы супраць гвалту!", і ім гэтага не маглі дараваць. Але групе футбалістаў, якія "шчыра раскаяліся" і "прызналі памылкі", пазней дазволілі выступаць у Беларусі (рашэнне прымала камісія, якой кіруе генпракурор). Самы вядомы з іх — Гутар, былы гулец БАТЭ і нацыянальнай зборнай. У 2023-м на "прэс-канферэнцыі" ён заявіў, што толькі паўдзельнічаў у 2020-м у запісе відэа футбалістаў супраць гвалту сілавікоў, у пратэстах не ўдзельнічаў, "экстрэмісцкія" тг-каналы не чытаў. Пасля гэтага брамнік падпісаў кантракт з БАТЭ, але нешта пайшло не так — ён не гуляў, а сёлета сышоў з каманды. Новую ж знайшоў толькі летам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.