Хакеісты мінскага "Дынама" прайгралі "Куньлуню" — 3:4
У чацвер на сваёй пляцоўцы хакеісты мінскага "Дынама" прайгралі ў драматычным паядынку "Куньлуню" — 3:4 (2:0, 0:1, 1:3). Серыя паражэнняў беларускага клуба ў чэмпіянаце КХЛ ужо складае пяць матчаў.
Першы перыяд мінчукі выйгралі, шайбы закінулі Стась і Кітараў. Аднак далей дынамаўцы пачалі выдаляцца і атрымалі дзве шайбы ў меншасці. Сцяпанаў на 54-й у большасці выводзіць гаспадароў пляцоўкі наперад. Аднак чарговае выдаленне ў "Дынама" і госці на 56-й таксама рэалізуюць большасць. За 18 секунд да заканчэння асноўнага часу "Куньлунь" увогуле выходзіць наперад — 4:3. Дынамаўцы замянілі брамніка палявым гульцом і за некалькі секунд да фінальнай сірэны зраўніваюць лік! Аднак суддзі пабачылі парушэнне правіл і шайбу не залічылі.
Паражэнне ад кітайскага клуба, чатыры прапушчаныя шайбы сведчаць пра тое, што праблемы ў абароне мінскага "Дынама" захоўваюцца. Пасля 27 матчаў у беларускага клуба застаецца 40 ачкоў, ён займае 9-е месца ў Заходняй канферэнцыі. 12 лістапада "Дынама" прыме на "Мінск-Арэне" хабараўскі "Амур", пачатак а 17-й гадзіне.