Healthcare і вайна: як ставяць на ногі параненых ва Украіне салдат

Раненне, лячэнне, рэабілітацыя: усё гэта патрабуе грошай. Хто плаціць? / Ілюстрацыя Улада Рубанава, Еўрарадыё
Раненне, лячэнне, рэабілітацыя: усё гэта патрабуе грошай. Хто плаціць? / Ілюстрацыя Улада Рубанава, Еўрарадыё

За дзесяць месяцаў вайны ва Украіне дзясяткі беларусаў былі параненыя ў баях. Часцей за ўсё салдаты вяртаюцца ў строй праз некалькіх дзён/тыдняў у шпіталі. Але ёсць і такія выпадкі, калі лячэнне і рэабілітацыя зацягваюцца на месяцы.

Добраахвотнік з пазыўным "Белка" расказаў блізкім пра раненне пад Бахмутам толькі праз суткі, калі яго ўжо давезлі да бальніцы. Супакоіў тым, што "ўсё больш-менш у парадку".

"Рычард" расказаў блізкім пра раненне пад Запарожжам праз тыдні, калі рука ужо "больш-менш загаілася". Супакоіў тым, што "затое жывы".

"Крот" не расказваў блізкім пра раненні. Супакойвае іх тым, што "сядзіць на складзе" і не ўдзельнічае ў баявых выхадах. Пра тое, што ён штурмаваў вёску Аляксандраўка пад Херсонам, у яго сям'і не ведае ніхто. Ведаем толькі мы.

Як і за чый кошт ставяць на ногі параненых ва Украіне беларускіх вайскоўцаў? А калі неабходна лячэнне за мяжой — хто будзе плаціць? Ці ёсць у прынцыпе ў беларускіх добраахвотнікаў нейкая страхоўка ад ранення на вайне?

Healthcare и война: как ставят на ноги раненых в Украине солдат
Тактычны абутак і камяні / Ілюстрацыя Улада Рубанава

З першых дзён

Беларускія добраахвотнікі далучыліся да Узброеных Сілаў Украіны ў першыя дні вайны. Ужо ў лютым быў створаны батальён імя Каліноўскага. 21 траўня ён быў пашыраны да палка. А паралельна беларусы ваююць за свабоду Украіны ў батальёне "Тэрор" і іншых фармаваннях, якія ўваходзяць ва УСУ.

Ужо 3 сакавіка беларусы панеслі першыя страты. Баец беларускай роты теробороны "Азова" Ілля "Літвін" Хрэнаў быў забіты ў баях за Бучу. 13 сакавіка, абараняючы Кіеў, загінуў Аляксей "Тур" Скобля — яму пасмяротна было прысвоена званне Героя Украіны.

— Ён нарадзіўся варом. Я думаю, што ён якраз належыць да тых людзей, якія з'яўляюцца носьбітамі беларускай шляхты. Гэта перш за ўсё ваяры, — расказвае Еўрарадыё Наталля, маці Паўла з пазыўным "Волат", які загінуў ва Украіне ў траўні. — Калі пачынаецца вайна, "калі маскаль лезе на вольныя землі", у беларускага шляхціца ёсць толькі адзін шлях — да зброі. У 2014-м Паша служыў тэрміновую службу ў Беларусі. Як толькі скончыў яе, адразу ж паехаў ва Украіну.

З першых дзён вайны пачаўся і адлік параненых беларусаў. Каліновец Дзяніс Урбановіч (у мінулым — кіраўнік беларускай арганізацыі "Малады фронт") трапіў у шпіталь з кантузіяй у канцы траўня.

— Лячуся. Цяпер больш-менш. Левае вуха не чуе. Магу хадзіць, сёння ўжо выводзілі на вуліцу. Галава не баліць. Доктар кажа, што ўсё адновіцца, і будзе добра, — распавядае ён Еўрарадыё праз некалькі дзён пасля ранення.

Спецрэпартаж пра батальён "Тэрор"

Дзяніс — адзін з многіх параненых салдат на гэтай вайне. Ні адзін з беларускіх добраахвотнікаў, з якімі мы пагутарылі, не думаў праб тое, ці паклапоціцца пра іх Украіна ў выпадку ранення. Сёння яны расказваюць нам пра бабулін клопат санітарак, выплатах па раненнях і рэабілітацыі — у Букавелі і за мяжой.

Праўда, за мяжой — гэта магчыма. Лячэнне ў заходніх клініках даступна не толькі медыйным героям, такім як абаронца Марыупаля Міхаіл Дзіянаў. Пасля абароны "Азоўсталі" і расійскага палону ў яго руцэ не хапала 4 сантыметраў косткі. Спачатку ён трапіў на лячэнне ў бальніцу ў Чарнігаве. А пазней перанёс аперацыю ў амерыканскім Сэнт-Луісе. Цяпер рука паўнавартасна функцыянуе.

Усе выдаткі на лячэнне марпеха пакрыў ФК "Шахцёр", які ўзяў над ім шэфства. А 3 млн грыўняў, сабраных для яго, Дзіянаў перадаў Асацыяцыі сем'яў абаронцаў "Азоўсталі". Ці могуць беларускія добраахвотнікі разлічваць на такую падтрымку?

Healthcare и война: как ставят на ноги раненых в Украине солдат
Азавец Міхаіл Дзіянаў у шпіталі ў Сэнт-Луісе

“Мы не думалі пра “страхоўку”

Рычард — ляўшун, і яго левая рука больш не працуе. Яго паранілі ў траўні ў баях пад Запарожжам. Ён два месяцы прабыў у бальніцы, але пальцы на руцэ ўсё яшчэ не слухаюцца.

—  Усе хлопцы-добраахвотнікі, якія прыязджалі ва Украіну ў сакавіку, наогул не думалі пра тое, што рабіць у выпадку ранення. Далі аўтамат, пакармілі — і нам гэтага было дастаткова. Ды і зараз такіх думак няма. Атрымаў раненне — ну, атрымаў. Гэта ж вайна.

"Рычард" кажа, што яму пашанцавала. Параніла ў кісць. Думаў, прыйдзецца ампутаваць палец, але ў Запарожжы трапіўся добры хірург.

— Дзве гадзіны мяне сшываў. Палец сабралі. Сабралі, але ён нерухомы, а практыкі пратэзавання суставаў кісцяў ва Украіне няма. Тазабедраны сустаў могуць зрабіць — а палец не.

Хоць у Інстытуце траўматалогіі спярша паабяцалі, што зробяць мне сустаў, нават прызначылі дату аперацыі. Але потым аказалася, што мы не паразумеліся, і ў інстытуце ў дзень аперацыі мне сказалі, што такога не робяць. Аказалася, яны мелі на ўвазе, што могуць проста падрэзаць мне палец, каб ён стаў напаўсагнутым, а не тырчаў тырчма. А рухомасць вярнуць не могуць.

Парамедык палка Каліноўскага — "Север" — дапамагла "Рычарду" звязацца з кіеўскімі лекарамі. Кіеў пацвердзіў: вярнуць пальцу рухомасць не зможа ніхто ва Украіне.

— Сказалі, маўляў, нават калі хтосьці паабяцае і возьмецца — не згаджайцеся. Гэта небяспечна. І далі мне кантакты польскіх медыкаў.

І вось у Варшаве, здаецца, змогуць мне дапамагчы. Планую пад Новы год запісацца да гэтых польскіх дактароў і замяніць на штучны сустаў, металічны. Прыйдзецца ехаць, таму што інакш кісць не будзе працаваць паўнавартасна.

Healthcare и война: как ставят на ноги раненых в Украине солдат
Левая рука / Ілюстрацыя Улада Рубанава

"Рычард" прабыў у шпіталях чатыры месяцы. Два месяцы — лячэнне, яшчэ два — рэабілітацыя.

— Пакуль у бальніцы ляжым, без сродкаў на існаванне не застаемся. Украіна працягвае плаціць нам заробак.

Баец чакае яшчэ адной медычнай камісіі, па выніках якой могуць прызначыць выплату па раненні.

— Думаў не чакаць ніякіх выплат, разарваць кантракт з ВСУ і паехаць у Польшчу аднаўляць руку, але камандзір батальёна і дзяўчына са штаба, якая дапамагае параненым, угаварылі спачатку скончыць з афармленнем папер — гаворыць ён. — Ёй хочацца асобна падзякаваць, яна вельмі шмат робіць для параненых.

— Гэтыя дакументы спачатку падрыхтоўваюць бальніцы, у якія трапляюць хлопцы. А потым яны накіроўваюцца для далейшага афармлення ў медслужбу падраздзялення, да якога мы належым — Галоўнае ўпраўленне выведкі, — тлумачаць Еўрарадыё ў палку імя Каліноўскага. — Гэта праца каманды людзей, і таму гэта спрацоўвае.

Але самі выплаты — пытанне часу. Нават украінцы не адразу іх атрымліваюць, таму што ў краіне вайна, і ўсё функцыянуе, на жаль, недасканала. Але мы выконваем тыя патрабаванні да дакументацыі, якія прадугледжвае украінскае заканадаўства.

Лячэнне ў Польшчы "Рычард" будзе аплачваць сам. Таму ён і вырашыў дачакацца выплат.

Healthcare и война: как ставят на ноги раненых в Украине солдат
У Полк імя Каліноўскага прымаюць новага байца

Выплаты. І бюракратыя

Усе грамадзяне Беларусі, якія змагаюцца за Украіну, афіцыйна з'яўляюцца байцамі УСУ. А байцам УСУ у выпадку ранення належаць тры тыпы выплатаў:

- грашовае забеспячэнне — мінімум 350 долараў;
- каля 2,7 тыс. долараў у месяц так званых "баявых" — адлік "месяцаў" вядзецца ад дня атрымання ранення да заканчэння рэабілітацыі; 
- раз на год параненаму выдаюць "матэрыяльную дапамогу для вырашэння сацыяльна-бытавых пытанняў".

Сума выплаты залежыць ад характару траўмы — лёгкая, сярэдняй цяжкасці або цяжкая. Баец з пазыўным "Крот" з батальёна "Тэрор", паранены на Херсонскім кірунку восенню 2022 года, распавядае Еўрарадыё, што атрымаць кампенсацыю не так проста.

— Трэба сабраць дакументы, у якіх будзе апісана, што адбылося і пры якіх абставінах. На падставе гэтых дакументаў павінны выдаць даведку, у якой было б пазначана, што раненне было атрыманае "ў сувязі з абаронай Бацькаўшчыны". Мы сабралі ўсе дакументы, але я пакуль не ведаю, ці атрымаю кампенсацыю. Ніхто ў батальёне пакуль не бачыў гэтых грошай.

Прычына ў нібыта няправільна аформленых дакументах. Але ж нам ніхто і не расказваў, як афармляць гэтыя дакументы.

Ці атрымліваюць такія выплаты своечасова ўкраінскія байцы, Крот не ведае — кажа, што задаваць такія пытанні яму няёмка.

Healthcare и война: как ставят на ноги раненых в Украине солдат
Абед ва ўкраінскай бальніцы / Еўрарадыё

— Зараз мы ствараем ва Украіне ветэранскае аб'яднанне, рэгіструем яго і працуем з украінскім бокам, каб абараніць правы гэтых людзей, — падключаецца да размовы Валерый Сахашчык, прадстаўнік Аб'яднанага кабінета Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях абароны і нацбяспекі. — Многія з іх з'ехалі з Украіны, не атрымаўшы ніякіх выплатаў. Супрацоўнічаем з Офісам прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, правяраем інфармацыю па кожным выпадку. І ўсё, што хлопцы павінны атрымаць згодна з законам, яны атрымаюць.

Баец з пазыўным "Белка"цяпер служыць у Замежным легіёне, а раней ваяваў у "Волаце" — адным з батальёнаў ПКК. Ён асабіста займаўся афармленнем папер для выплаты баявым пабрацімам.

— Трэба было зрабіць рапарты, баявыя распараджэнні, у якіх апісана, хто і для чаго быў на баявых і што ў выніку зрабіла падраздзяленне. Гэтыя дакументы падаюцца ў штаб легіёна, на іх падставе налічваюцца баявыя.

Тады яшчэ быў жывы Брэст, і ён папрасіў мяне афармляць гэтыя паперкі, таму што ў кіеўскага штаба гэта чамусьці не атрымлівалася. Потым сістэма наладзілася. У цяперашняй маёй легіёнаўскай групе гэтымі паперамі займаецца камандзір, я нават не думаю пра гэта.

Healthcare и война: как ставят на ноги раненых в Украине солдат
Валер Сахашчык / Радыё "Свабода"

Букавель не для ўсіх

Пасля таго, як "Рычарда" выпісалі з бальніцы, яго адправілі на рэабілітацыю ў Букавель.

— З маім раненнем большасць выгод мне былі недаступныя, але ўсё роўна адпачыў. Горы пабачыў. Па гарах палазіць было цікава.

Крату таксама прапанавалі з'ездзіць у Букавель. Але калі мы стэлефанаваліся, аказалася, што да Букавеля ён так і не дабраўся і вярнуўся на базу на поўдні Украіны.

— Аказалася, няма месцаў. Потым мне зноў прапанавалі паехаць у Букавель. І зноў адклікалі прапанову. То ніхто не браў слухаўку, то згубіўся чалавек, які адказваў за складанне спісаў. Я ўжо і не чакаў гэтай паездкі, занадта шмат непаразуменняў ўзнікала.

Вырашыў, што сэнсу сядзець у Кіеве няма. Сабраў заплечнік і вярнуўся да хлопцаў. Хоць праўда што, было б выдатна, калі б параненым байцам давалі магчымасць перавесці дух і адпачыць у камфортных умовах.

Думаю, гэта полк Каліноўскага ставіць палкі ў колы нашаму батальёну. Тым больш, мы ведаем, што ў Букавелі акрамя параненых байцоў з палка адпачывалі і тыя, хто ні разу не выязджаў на баявыя.

Healthcare и война: как ставят на ноги раненых в Украине солдат
Дзіцячы малюнак у палаце ўкраінскай бальніцы / Еўрарадыё

"Белка" спачатку адмовіўся адказваць на пытанне пра інтрыгі ўнутры кіеўскага штаба. Але пасля даслаў галасавое паведамленне:

— Ведаеш, уздоўж лініі баявога сутыкнення ўсе абсалютна ясна. Бруд сцякае звычайна бліжэй да тыла. І ўглядацца ў той бок мне не хочацца. Я гэтым не цікаўлюся. Час ад часу даходзяць чуткі пра тое, як хтосьці, хто мае мала дачынення да вайны, зрабіў з сябе ўдзельніка баявых дзеянняў, прыстроіў сваяка на кантракт, робіць сабе імя на крыві і смерці байцоў. Гэта не хочацца закранаць.

Я быў і застаюся побач з іншымі людзьмі, для іх на першым месцы вайна. Так што ніякай дакладнай інфармацыі па "букавелях" у мяне няма, я проста ёю не цікаўлюся.

Мы атрымалі каментар аб гэтай сітуацыі ў штабе палка імя Каліноўскага:

Healthcare и война: как ставят на ноги раненых в Украине солдат

— Сам санаторый не спецыялізаваны для медычнай рэабілітацыі параненых, таму на адпачынак накіроўваліся не толькі байцы з цяжкімі раненнямі, але і тыя, каму трэба было аднавіць псіха-эмацыйны стан, да таго ж, не ўсе параненыя маглі быць накіраваныя на адпачынак, бо іх стан у той момант патрабаваў ўвагі лекараў.

Праект "Вяртанне"

Як аднавіць псіхічнае здароўе чалавека, які перажыў жахі вайны і які вярнуўся з яе з посттраўматычным разладам? Калі візіты да псіхолага не прыносяць вынікаў, у справу ўступае кантраляваная псіхадэлічная тэрапія. Метад спалучэння псіхатэрапіі і псіхадэлічных рэчываў — МДМА, псілацыбіна, кетаміна, ібагаіна — прапануе ўкраінская асацыяцыя псіхадэлічных даследаванняў (UPRA).

Ці не ператвараюцца вайскоўцы ў наркаманаў пасля такога лячэння? Ці атрымліваецца каго-небудзь вылечыць, што з сябе ўяўляе курс тэрапіі і ці легальна ўсё гэта? Пра гэта Еўрарадыё размаўляе з беларускай доктаркай, адной з заснавальнікаў Асацыяцыі.

Ірына (імя змененае) скончыла лячэбны факультэт БДМУ. Пазней дзяўчына вырашыла з'ехаць за мяжу: пасля прымусовай пасадкі рэйса Ryanair у Мінску ёй стала зразумела, што ні кар’еры, ні творчай будучыні ў Беларусі чакаць не давядзецца.

— Я адна з 15 заснавальнікаў UPRA, і пакуль што адзіная беларуска ў праўленні Асацыяцыі, — расказвае Еўрарадыё доктарка. — Сёння людзей, датычных да Асацыяцыі, больш за 150 чалавек з усяго свету.

Еўрарадыё: як выглядае рэабілітацыя ад "Вяртання"?

— Усё залежыць ад запыту і клінічнай сітуацыі. Камусьці дастаткова анлайн-кансультацый з псіхатэрапеўтам, а камусьці патрэбны поўны курс тэрапіі. У тыповым выпадку вострай рэакцыі на стрэс мы прапануем амбулаторнае лячэнне ў адным з двух медычных цэнтраў у Кіеве, што супрацоўнічаюць з намі.

Асаблівасць гэтых цэнтраў у тым, што дактары ў іх маюць выключны досвед працы з вайскоўцамі і выкарыстоўваюць легальную тэрапію з кетамінам ці ібагаінам. Гэтыя сродкі не адносяцца да класічных псіхадэлікаў і ўжываюцца па-за паказаннямі інструкцыі і ў іншых дозах.

Healthcare и война: как ставят на ноги раненых в Украине солдат
Беларуская медыцына пакуль не прызнае псіхадэлічную тэрапію / Ілюстрацыя Улада Рубанава

Гэта не супярэчыць заканадаўству Украіны, а пратаколы запазычаныя з досведу замежных калегаў. Курс заўсёды ўключае дыягностыку, выключэнне кантузіі ці іншых фізічных траўмаў, псіхатэрапію і, пры неабходнасці, дадатковую фармакатэрапію з антыдэпрэсантамі. Пацыент на ратацыі ходзіць да лекара некалькі разоў на тыдзень, праходзіць размоўныя кансультацыі і псіхадэлічныя сесіі непасрэдна ў ложку клінікі пад пільным наглядам дактароў.

Звычайна стан пацыентаў не патрабуе шпіталізацыі, але мы маем такую магчымасць. Ёю карыстаюцца, напрыклад, іншагароднія, хто не хоча здымаць кватэру ў Кіеве на час лекавання.

Еўрарадыё: Ці дапамагла ваша тэрапія каму-небудзь?

— Пакуль былі толькі пазітыўныя выпадкі. Але мы падрыхтаваныя да таго, што камусьці можа не дапамагчы той курс, які дагэтуль дапамагаў усім. Тады будзем шукаць дадатковыя тэрапеўтычныя опцыі. Наша місія — вяртанне чалавека да сябе, да жыцця ці да вайны, на яго выбар. Мы не пакідаем людзей у паветры і праз час абавязкова правяраем, ці не пагоршыўся яго стан у адсутнасці тэрапіі.

Стабілізаваць вайскоўца з вострым дыстрэсам пры выкарыстанні кетамінавай тэрапіі магчыма прыкладна за два тыдні. Каб прапрацаваць устойлівае посттраўматычнае расстройства ў ветэрана, спатрэбіцца значна больш часу, ад трох тыдняў і больш.

Healthcare и война: как ставят на ноги раненых в Украине солдат

Разбураная расіянамі хата ў вёсцы Аляксандраўка / Еўрарадыё

Разбураная расіянамі хата на поўдні Украіны / Еўрарадыё

Мы можам дапамагчы

Увесну 2022 года беларусы запусцілі анлайн-сэрвіс псіхалагічнай дапамогі для ахвяраў вайны ва Украіне. У якой бы краіне яны цяпер ні знаходзіліся.

WEMAYHELP 2.0 гэта платформа ўзнаўлення ментальнага здароўя. Валанцёры праекта працуюць у 12 гадзіннікавых паясах. Яны дапамагаюць людзям перамагчы трывогу, перажыць траўмуючы досвед і знайсці адказ на пытанне: "Што рабіць далей?". Усё гэта — абсалютна бясплатна.

За 9 месяцаў дапамогу ад іх атрымалі больш за 550 ахвяраў вайны.

Што адбываецца з беларусамі і ўкраінцамі падчас вайны? Распавядаюць псіхолагі

Паводле інфармацыі UPRA, 23 мільёны ўкраінцаў маюць высокую рызыку псіхічных разладаў у сувязі з ваеннымі дзеяннямі, вымушаным перасяленнем і стратай блізкіх. Па папярэдніх разліках, 3,5 мільёнаў удзельнікаў ваеннага канфлікту і мірных жыхароў з украінскага боку будзе пастаўлены дыягназ "Посттраўматычны стрэсавы разлад".

Сімптомы ПТСР могуць ўключаць эмацыйную нестабільнасць, агрэсію, начныя страхі, некантралюемыя думкі пра перажытыя падзеі. Чакаецца, што толькі 50% пацярпелых цалкам паправяцца пасля курсу традыцыйнай тэрапіі.

Healthcare и война: как ставят на ноги раненых в Украине солдат

Вёска Аляксандраўка, адваяваная ў расійскіх захопнікаў / Еўрарадыё

Вёска Аляксандраўка, адваяваная ў расійскіх захопнікаў / Еўрарадыё

Гэтая публікацыя была падрыхтаваная ў рамках праекта Online journalism, in-depth, які фінансуецца Федэральным міністэрствам эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця Германіі (BMZ). Меркаванні, выяўленыя ў гэтай публікацыі, належаць выключна незалежным аўтарам і не абавязкова адлюстроўваюць пункт гледжання BMZ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі