Хіжынкова — пра Мінскі паўмарафон: хіба можна бегчы там, дзе цябе затрымлівалі?
Мадэль Вольга Хіжынкова, якая ўдзельнічала ва ўсіх мінскіх паўмарафонах, сёлета на забег не заяўлялася.
У каментары Радыё "Свабода" яна вельмі эмацыйна патлумачыла прычыны: "Што вы, які паўмарафон? Няўжо гэта магчыма — бегчы там, дзе зусім нядаўна ты бегаў ад амапаўцаў, дзе цябе затрымлівалі. Дый увогуле, паўмарафон — гэта ў першую чаргу свята, якое, дарэчы, я ніколі не прапускала. Але настрой, зразумела, зусім не святочны".
Хіжынкова — прафесійная мадэль, пераможца конкурсу "Міс Беларусь — 2008", экс-выкладчыца Нацыянальнай школы прыгажосці, былая прэс-сакратарка ФК "Дынама-Брэст". Яна актыўна прапагандавала здаровы лад жыцця.
Сёлета замест яе ў камандзе Dream Team пазначаная "Міс Беларусь — 2018", дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і прыхільніца ўлады Марыя Васілевіч.
Мінскі паўмарафон прызначаны на 12 верасня. На ім чакаецца каля 10 тысяч удзельнікаў, у тым ліку высокапастаўленыя чыноўнікі. Удзельнікаў абавяжуць выйсці на старт у медыцынскіх масках.
За ўдзел у акцыях пратэсту Хіжынкова летась правяла на Акрэсціна 42 дні. Пасля вызвалення яна расказала пра здзекі і катаванні на Акрэсціна і ў Жодзіне, але пракуратура Мінска пакінула яе словы без увагі.
Дарэчы, яна заявіла, што застаецца ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.