ХК “Дынама” не каментуе магчымую адмену выступу Brutto
Нагадаем, што гурт мусіў выступіць на “Мінск-Арэне” 29 лістапада перад матчам дынамаўцаў з “Медвешчаком”.
Інфармацыя пра адмену выступу Brutto пакуль існуе на ўзроўні чутак. Але катэгарычна абвяргаць яе кіраўнік прэс-службы “Дынама-Мінск” Раман Стронгін не стаў:
Стронгін: “На жаль ніякіх афіцыйных каментароў даць не магу. Пэўна, у панядзелак з’явіцца заява ад клуба”.
Тым часам з афіцыйнага сайта ХК "Дынама" інфармацыя пра выступ рок-гурта ўжо знікла.
Мастацкім кіраўніком Brutto з’яўляецца Сяргей Міхалок. Яго папярэдні гурт “Ляпіс Трубяцкі” негалосна трапіў у “чорныя спісы” ў 2010 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў.
Нагадаем, раніцай 21 лістапада на сайце мінскага "Дынама" з'явілася навіна пра тое, што першы выступ у Беларусі гурта Brutto адбудзецца 29 лістапада перад пачаткам хакейнага матчу чэмпіянату КХЛ паміж мінскім "Дынама" і заграбскім "Мядвешчакам" на "Мінск-Арэне". Новы праект Сяргея Міхалка павінен быў стаць галоўным элементам перадматчавага шоў.