Хочаце ў гімназію, а рэгістрацыя ў іншым раёне? “Прыходзьце ў сераду, пагаворым”

Хочаце ў гімназію, а рэгістрацыя ў іншым раёне? “Прыходзьце ў сераду, пагаворым”

У студзені 2018 Аляксандр Лукашэнка з падачы Міністэрства адукацыі адмяніў уступныя экзамены ў пятыя класы гімназій. Тады ж было заяўлена, што паступаць у школы дзеці будуць выключна па тэрытарыяльнай прыкмеце. Жывеш блізка ад гімназіі — дзіця вучыцца ў гімназіі. Адносіцца твой дом да школы — як бы ні было крыўдна, але дзіця пойдзе ў школу.

Бацькі, якія жывуць далёка ад гімназій, засумавалі. І пачалі шукаць выхад з сітуацыі. Напрыклад, яны прапануюць грошы за магчымасць часова зарэгістраваць дзіця ў доме побач з гімназіяй. Яшчэ адзін шлях — знайсці гімназію, якая ўсё ж прымае вучняў не толькі па прынцыпе рэгістрацыі.

 

Хутка вырашыць пытанне не атрымаецца. Але надзея ёсць

 

У цэнтры Мінска ёсць некалькі гімназій, вакол якіх шмат адміністрацыйных будынкаў — і не шмат жылых дамоў. Калі прымаць у іх выключна па рэгістрацыі, дык там увогуле не будзе каму вучыцца!

“Не па прапісцы да нас у гімназію трапіць нельга! — на паўслове спыняе Еўрарадыё дырэктарка гімназіі №42. — У нас увесь чацвёрты клас пераходзіць у пяты, таму месцаў не будзе”.

Але адразу знаходзіцца “варыянт”:

Хіба ў вас у гімназіі будзе толькі адзін пяты клас? — пытаемся мы.

Гэтага я яшчэ не ведаю, — адказвае дырэктарка. — Прыходзьце ў сераду, пагаворым.

Па серадах прымаюць наведвальнікаў дырэктары большасці мінскіх гімназій. Але наступная серада — гэта 9 траўня, выхадны дзень. Так што, хутка вырашыць пытанне не атрымаецца, давядзецца пачакаць. Але надзея ёсць.

 

“Па якіх крытэрыях браць дзяцей без прапіскі, мы самі не ведаем”

 

Раён вуліцы Маскоўская забудоўваўся даўно. Дзяцей тут не многа, таму, напрыклад, у гімназіі №41 з 2005 года няма пачатковай школы. Пятыя класы тут фарміруюцца з нуля, сёлета іх будзе два.

“З 14 траўня мы запісваем на прыём да дырэктара на чэрвень, — кажуць у прыёмнай гімназіі. — Потым з’явіцеся ў прызначаны час і напішыце заяву на вольнае месца. Мы набіраем два пятыя класы. Колькі дзяцей да нас прыйдуць па прапісцы, пакуль не ведаем. І як будуць прымацца рашэнні, па якіх крытэрыях браць дзяцей без прапіскі, таксама да канца не ведаем”.

Ці возьмуць дзяцей без рэгістрацыі ў пяты клас гімназіі, будзе вядома толькі пасля 28 жніўня! То бок, трэба напісаць заяву і чакаць. І толькі за тры дні да пачатку навучальнага года даведацца, дзе будзе вучыцца тваё дзіця.

 

Прывітанне, начная чарга!

 

А вось у беларускамоўную гімназію №4 можна трапіць проста цяпер! На сайце навучальнай установы апублікаваная аб’ява, што прымаюцца вучні з 2 па 11 класы: па два-тры ў кожны.

 

 

Хочаце ў гімназію, а рэгістрацыя ў іншым раёне? “Прыходзьце ў сераду, пагаворым”
Скрыншот з сайта гімназіі №4

Як будуць вырашаць, каго браць, а каго не? “Хто першы прыйдзе і напіша заяву, у таго больш шансаў”, — адказваюць Еўрарадыё ў гімназіі. Прывітанне, начная чарга, зверка па спісах і вось гэта вось усё, чым чамусьці заканчваюцца шмат якія спробы дзяржавы што-небудзь адрэгуляваць.

 

“Верагоднасць, што знойдуцца вольныя месцы, ёсць”

 

У гімназіі №24 кажуць, што дзеці з іншых раёнаў могуць трапіць да іх, калі ў класах будуць вольныя месцы. Але тут сітуацыя крыху іншая: пятых класаў будзе два, але на частку месцаў прэтэндуюць чацверакласнікі, якія ўжо вучацца ў гімназіі.

“За намі замацаваны мікрараён, некаторыя дамы і вуліцы перададзеныя ад іншых школ, — распавядае дырэктарка гімназіі №24 Таццяна Лукша. — Дзеці, не зарэгістраваныя ў раёне, могуць трапіць на вольныя месцы. Па гэтай сістэме сёлета набіраюцца два пятыя класы. Выпускаецца чацвёрты, у якім 38 чалавек. Ёсць 16 вольных месцаў, на якія найперш будуць прэтэндаваць дзеці, зарэгістраваныя ў мікрараёне. А калі застануцца вакантныя месцы, будзем браць іншых дзяцей. Для гэтага бацькам трэба на пачатку чэрвеня падаць заяву. Карціна будзе зразумелай толькі 28 жніўня”.

Паступіць у пяты клас беларускамоўнай гімназіі №23 без прапіскі таксама магчыма.

“У нас сёлета набіраюцца два пятыя класы. Нашы дзеці пераходзцяць з чацвёртых класаў. Але верагоднасць, што знойдуцца вольныя месцы, ёсць. Вам трэба падысці да дырэктара ў сераду 23-га, бо яна сыходзіць ў адпачынак”, — абнадзейваюць у прыёмнай.

 

Мінадукацыі: “Кожная гімназія сама вырашае, як весці прыём”

 

Што ў выніку? Уступныя экзамены ў гімназіі ўлады фактычна замянілі двума месяцамі чакання і адсутнасцю ўсякай ўпэўненасці, што дзіця трапіць у лік абраных.

У траўні і ў чэрвені бацькі, якія хочуць, каб іх дзеці вучыліся ў гімназіях, будуць хадзіць на прыёмы да дырэктараў і пісаць заявы. Далей — чакаць да 28 жніўня. На пытанне, як будзе вызначацца, каго з заяўнікаў возьмуць, а каго не, у гімназіях шчыра адказваюць: не ведаем.

“Кожная гімназія сама вырашае, як весці прыём, ім аддадзеныя ўсе паўнамоцтвы,  — распавялі Еўрарадыё ў прэс-службе Мінадукацыі. —  Набіраюць на вольныя месцы па меры падачы заяў. Магчыма, яны будуць праводзіць нейкія сумоўі, не ведаю. Вырашае гэта адміністрацыя гімназіі”.

Перакладаем з мовы чыноўнікаў на чалавечую мову: як з дырэктарам гімназіі дамовішся, так тваё дзіця туды і паступіць.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі