Ігнатовічы аб выказваннях Лукашэнкі: Кіраўнік краіны не ў курсе сітуацыі

Ігнатовічы аб выказваннях Лукашэнкі: Кіраўнік краіны не ў курсе сітуацыі

4 лютага на прэс-канферэнцыі кіраўніка краіны журналіст тэлеканала АНТ запытаў у Лукашэнкі пра яго стаўленне да ўчынку пенсіянеркі Галіны Ігнатовіч, якая 31 студзеня ў знак пратэсту супраць несправядлівага высялення са свайго дома залезла на вежавы кран.

"Гэта ненармальна. Нельга, каб так было, каб людзі лазілі на краны... Каб мы трацілі сродкі, каб іх адтуль здымаць", ― сказаў кіраўнік краіны. Падчас далейшага абмеркавання тэмы высветлілася, што Лукашэнка не да канца валодае інфармацыяй аб сітуацыі. У прыватнасці, ён прызнаў, што не ведаў пра тое, што Галіна Ігнатовіч 13 гадоў таму развялася са сваім мужам, а забудоўшчык дае ім адну кватэру на дваіх, нягледзячы на тое, што былы муж Галіны Ігнатовіч нядаўна ажаніўся зноў.

Сын Галіны Аляксей расказаў Еўрарадыё, што сям'я чула выказванні Лукашэнкі пра сітуацыю і збіраецца скарыстацца яго парадай яшчэ раз абмеркаваць сваю праблему з чыноўнікамі. "Думаем, нам дапаможа такая ўвага да праблемы. Заўважна, што кіраўнік краіны не ў курсе падрабязнасцяў нашай сітуацыі. Цяпер хочам зноў трапіць на прыём да чыноўнікаў", ― кажа Аляксей Ігнатовіч.

Высяленне Ігнатовічаў з іх дома павінна было адбыцца яшчэ 31 студзеня, аднак было перанесенае на тыдзень праз учынак Галіны Ігнатовіч. Ігнатовічы ўжо атрымалі на рукі пастановы ― выехаць з дома яны былі павінны 7 лютага аб 11 гадзіне. Раніцай 4 лютага стала вядома, што новае судовае паседжанне па іх справе прызначанае на 20 лютага і высялення зноў не будзе.

Забудоўшчык, кампанія "Тапас", сцвярджае, што выканала ўсе абавязальніцтвы перад Ігнатовічамі і дзейнічае згодна з заканадаўствам. Сям'я Ігнатовічаў настойвае, што варыянты рассялення, прапанаваныя "Тапасам", не адпавядаюць заканадаўству. Галіна Ігнатовіч замест прапанаванай ім з былым мужам двухпакаёвай кватэры настойвае на атрыманні грашовай кампенсацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі