Іх норавы: кепскія нямецкія паліцыянты і вяртанне ўкраінскага Playboy

Паліцыя Германіі / a-tv.md

Паліцыя Германіі / a-tv.md

Пакуль беларусы разважаюць над выступамі дэмакратычных лідараў на канферэнцыі "Новая Беларусь", еўрапейцы змагаюцца са стыхійнымі бедствамі. Але ёсць і добрыя навіны: у Кітаі знайшлі новы від старажытнага чалавека, а ва Украіну вярнуўся Playboy.

Што яшчэ адбываецца ў свеце, чытайце ў нашай традыцыйнай рубрыцы "Іх норавы".

 

У Славеніі і Аўстрыі — паводкі, у Пірэнэях — пажары

У Славеніі — стыхійнае бедства. Паводле звестак урада, ад паводак і апоўзняў пацярпелі дзве траціны краіны. Некалькі чалавек загінула. Матэрыяльная шкода папярэдне ацэньваецца ў 500 мільёнаў еўра.

Таксама пра першую ахвяру паводкі паведамляецца ў суседняй Аўстрыі. У Карынтыі два чалавекі зваліліся ў раку з размытага берага, выратавалі толькі аднаго.

Тым часам у Пірэнэях тушаць маштабныя лясныя пажары. У цэнтральна-заходняй Партугаліі эвакуяваныя некалькі вёсак. За мінулыя выходныя пацярпелі шэсць чалавек, згарэла 6200 гектараў лесу.

Порна і нацысцкая сімволіка ў чатах нямецкіх паліцэйскіх

На паўночным захадзе Германіі следчыя даведаліся, што падчас навучання маладыя паліцыянты дасылалі ў групавыя чаты нацысцкія выявы і дзіцячае порна. Улады забаранілі ім працаваць.

"Абвінавачанні мяне шакавалі. У крымінальным праве прэзумпцыя невінаватасці дзейнічае і тут. Тым не менш абвінавачанні настолькі сур'ёзныя, што пасля разгляду кожнага канкрэтнага выпадку я неадкладна забараніла гэтым тром супрацоўнікам займацца службовай дзейнасцю", — гаворыцца ў заяве Фрыдэрыке Цурхаўзен, начальніцы паліцыі Рэклінгхаўзена.

Герберт Ройль, які займае пасаду міністра ўнутраных справаў федэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія, ахарактарызаваў гэтых супрацоўнікаў як тых, што праявілі недахопы характару і маралі, недапушчальныя для афіцэраў у форме.

 

Playboy вярнуўся ва Украіну. На вокладцы — жонка памочніка Клічко

Ва Украіне ўпершыню пасля расійскага ўварвання выйшаў нумар часопіса Playboy. На вокладцы — фатаграфія мадэлі і тэлевядоўцы Ірыны Белацарковец. Жонка памочніка мэра Кіева Віталя Клічко пазіруе ў металічным бікіні і з павязкай на вока ў выглядзе сэрца.

26 лютага 2022 года жанчына трапіла пад абстрэл у Кіеве, пасля чаго ёй давялося перанесці некалькі аднаўленчых аперацый.

Разам з трыма дзецьмі Ірына ехала дадому, калі ў яе машыну трапіла некалькі куль. Яна страціла вока, а па ўсім целе засталіся шнары ад агнястрэльных раненняў.

Ірына Белацарковец стала сімвалам украінскага супраціву.

Их нравы: плохие немецкие полицейские и возвращение украинского Playboy
Вокладка Playboy

У Кітаі знойдзены новы від старажытнага чалавека

Кітайскія навукоўцы выявілі сляды раней не вядомага віду дагістарычнага чалавека, які жыў 300 тысяч гадоў таму.

Скамянеласці былі знойдзеныя на месцы раскопак Хуалангдонг ва Усходнім Кітаі. Іх аналіз выявіў унікальныя асаблівасці сківічнай косткі, якая мела трохкутны ніжні край і характэрны выгін. Форма сківічнай косткі мае рысы як сучасных людзей, так і гамінідаў позняга плейстацэну, аднак адсутны падбародак кажа пра цяснейшае сваяцтве з больш старажытнымі відамі.

Гэтыя новыя прыкметы, якія раней не назіраліся ў гамінідаў ва Усходняй Азіі, сведчаць, што асаблівасці, якія мы бачым у сучасных людзей, пачалі фармавацца 300 тысяч гадоў таму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі