Інспекцыя працы адмовілася расследаваць смерць школьніцы ў Маладзечне
Маладзечанскі міжраённы аддзел Дэпартамента дзяржінспекцыі па працы адмовіўся праводзіць спецыяльнае расследаванне па факце смерці 13-гадовай школьніцы ў Маладзечне падчас уборкі бульбы.
Як піша tut.by, сваякам дзяўчынкі застаецца толькі звяртацца ў суд. Дапамогу ў адстойванні правоў ім прапанаваў незалежны прафсаюз РЭП.
Нашумелая гісторыя адбылася 29 верасня. Васьмікласніца маладзечанскай сярэдняй школы №11 13-гадовая Вікторыя загінула падчас уборкі бульбы — на яе наехаў грузавік. Дзяўчынка памерла па дарозе ў лякарню. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за парушэнне правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека.
Бацька школьніцы Алег Папчэня напісаў заяву ў Маладзечанскі міжраённы аддзел Мінскага ўпраўлення Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Мінпрацы і сацабароны. Ён прасіў правесці спецыяльнае расследаванне гэтага няшчаснага выпадку. На думку праваабаронцаў, наймальнік (СВК "Усход-Агра") і чыноўнікі галіны адукацыі, якія адправілі школьніцу на сельгасработы, дапусцілі шэраг парушэнняў закону. Спецрасследаванне магло прызначыць сям'і загінулай дзяўчынкі выплаты і права патрабаваць кампенсацыю маральнай шкоды ад наймальніка.
Аднак інспекцыя працы вырашыла, што няма падставаў праводзіць спецрасследавання няшчаснага выпадку на вытворчасці. Чыноўнікі заявілі, што ў Беларусі заключаць працоўную дамову можна з грамадзянамі ва ўзросце ад 14 гадоў, а загінулай было толькі 13. Таму інспекцыя працы не выявіла "ні працоўных, ні грамадзянска-прававых адносін паміж ААТ "Усход-Агра" і школьніцай". Дэпартамент дзяржінспекцыі працы заяўляе, што "не надзелены правам устанаўлення факту наяўнасці працоўных адносін пры дадзеных абставінах".
Чыноўнікі параілі бацькам загінулай школьніцы звярнуцца ў суд Маладзечанскага раёна. Дапамагчы ім збіраецца праваабаронца Леанід Судаленка.
Дарэчы, раней начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Іна Драпеза заявіла журналістам, што на ўборку бульбы не накіроўвалі цэлы клас і пры гэтым усё ўзгаднялі з бацькамі. Аднак бацькі загінулай школьніцы не давалі сваёй згоды на яе ўдзел у сельгасработах — ні пісьмова, ні вусна. Акрамя таго, tut.by заяўляе як мінімум пра адзін выпадак, калі бацькі падпісалі такую згоду для школы ўжо задняй датай пасля трагедыі.