Іпэшнікі пратэстуюць супраць няякаснага тавару ад “Беллегпрама”

У мінскім гатэлі "Беларусь" сёння праходзіць форум прадпрымальнікаў. Нагадаем, папярэдняя сустрэча праходзіла 16 лютага і сабрала больш за 1000 прадпрымальнікаў. Яна адбылася перад завяршэннем таго перыяду, калі іпэшнікам дазвалялі распрадаць рэшткі прадукцыі без пацвярджальных дакументаў. Удзельнікі форума тады дамагліся, каб ўлады адмянілі забарону на распродаж рэшткаў і наклалі мараторый на канфіскацыі і праверкі іпэшнікаў.

Пазней, 17 сакавіка, кіраўнік дзяржавы сустрэўся з прадпрымальнікамі ў гандлёвым цэнтры “Экспабел”, а потым правёў паседжанне па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці. Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 143, якія дазволіў іпэшнікам гандляваць без дакументаў да 1 студзеня 2016 года. Разам з гэтым іпэшнікі атрымалі ўмову: пры рэалізацыі тавараў без дакументаў будзе прымяняцца павышальны каэфіцыент 2 пры вылічэнні адзінага падатку  і падатку на дадатковую вартасць у чатыры этапы: на 2 — з 1 па 31 сакавіка,  на 2,5 —  з 1 красавіка па 30 чэрвеня,  на 3 — з 1 ліпеня па 30 верасня, на 4 — з 1 кастрычніка па 31 снежня.

Падчас форуму прадпрымальнікі даведаліся, што цяпер Мінгандаль выступіў з ініцыятывай ільгот для тых бізнесоўцаў, якія гандлююць беларускай прадукцыяй. Такая магчымасць цяпер разглядаецца.

Прадпрымальніца з Брэста Алена Кустус, выступаючы перад прысутнымі, заклікала “Беллегпрам” выпускаць больш якасную прадукцыю, якую можна было б прадаваць на рынку. Таксама яна выказала пажаданні, каб на такую прадукцыю адразу былі сертыфікаты, неабходныя іпэшнікам для працы.

“Беллегпрам, дык выпускайце прадукцыю якасную, каб я не прадавала імпарт", — заклікала Алена Кустус. Яе апладысментамі падтрымалі прадпрымальнікі ў зале.

Таксама Алена Кустус заклікала да таго, каб мараторый на канфіскацыі і праверкі, які дзейнічае да 1 чэрвеня, цягнуўся і далей.

"Галоўнае вырабіць як мага больш прадукцыі, зберагчы працоўныя месцы, але гэта ж не самае важнае! — падтрымлівае  Алену яшчэ адзін іпэшнік, Васіль. — Ніхто не думае пра тое, каб гэтая мадэль была прыгожай і якаснай”.  

У адказ на крытыку прадстаўнік канцэрна “Беллегпрама” намеснік начальніка арганізацыі гандлю Аляксей Ручанаў выступіў з рэкламнай прамовай наконт прадукцыі канцэрна. Ён заклікаў прадпрымальнікаў наведваць аптовыя базы і супрацоўнічаць з “Беллегпрамам”. Таксама Аляксей Ручанаў заклікаў прадпрымальнікаў, у якіх ёсць досвед швей, прыйсці на прадпрыемства і пабыць дызайнерамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі