Івонка Сурвіла: Не ведаю, ці прыехала б, калі б мяне запрасіў Лукашэнка

Рада БНР разам з большасцю беларускіх апазіцыйных лідараў выступіла з мемарандумам, у якім заклікала абараніць незалежнасць краіны. Івонка Сурвіла расказвае пра Беларускую народную рэспубліку і пра сённяшнюю Беларусь спакойна, разважліва. У яе няма акцэнту, але мова адрозніваецца ад той, якой сёння карыстаюцца беларусы. Магчыма, так размаўлялі першыя кіраўнікі БНР.

survilla_hutarka_1.mp3

Еўрарадыё: Раскажыце, што такое Рада БНР сёння? Як туды можна трапіць?

Івонка Сурвіла: Рада БНР сёння — гэта 80 чалавек. Ёсць Прэзідыўм Рады, які складаецца з 15 чалавек. Сябры Рады выбіраюцца рознымі эміграцыйнымі асяродкамі, бо гэта Рада ў выгнанні. Падаюцца прапановы, выбіраюцца кандыдаты. А мы ў Прэзідыўме ўжо глядзім, можна іх прыняць, альбо не. Два сябры Рады павінны іх падтрымаць. Калі не памыляюся, то на дадзены момант Рада БНР акурат запоўненая. Зараз прадстаўнікі Рады БНР жывуць у 16 краінах свету.

Еўрарадыё: А ці можна сказаць, што Прэзідыўм Рады БНР з’яўляецца своеасаблівым урадам у выгнанні?

Івонка Сурвіла: Так, так — абсалютна. У Прэзідыўме ёсць сакратарыяты — гэта своеасаблівыя міністэрствы. Ёсць сакратарыят замежных спраў. Ім, фактычна, я займаюся. Традыцыйна так склалася. Ёсць Сакратарыят унутраных спраў, адукацыі… Шэсць усяго. Не ўсе міністэрствы маюць сэнс на чужыне. Таму толькі шэсць.

Еўрарадыё: А можаце назваць імёны міністраў?

Івонка Сурвіла: Напрыклад, Сакратарыятам адукацыі ў нас кіруе Ала Орса-Рамана. Сакратарыятам унутраных спраў — Вячка Станкевіч. Ён займаецца ўнутранай адміністрацыяй Рады і Прэзідыўма — адсюль назва. Сакратар Рады — Алеся Сёмуха.

Еўрарадыё: Ці можна пабачыць некага з Рады БНР у Беларусі?

Івонка Сурвіла: Нашы сябры наведваюць краіну. Але я не магу. Па-першае, мне, напэўна, не далі б візы. Калі б я не папрасіла яе асабіста ў Лукашэнкі. Аб гэтым мне аднойчы асабіста сказаў амбасадар Беларусі ў Канадзе. Я прасіць кіраўніка Беларусі ні аб чым не буду — гэта было б знявагай для мяне. Размова з амбасадарам у Канадзе, спадаром Хвастовым ужо даўно адбылася. На пачатку ў нас з ім былі добрыя адносіны. Ён сустракаўся з нашымі беларусамі. І гаварыў мне, што калі б я папрасіла ў Лукашэнкі, той бы мне даў візу.

Еўрарадыё: Раду БНР часта называюць урадам у выгнанні, яна мае разбудаваную структуру. А наколькі гэтая сімвалічнасць адпавядае рэальнасці?

Івонка Сурвіла: Рада БНР, насамрэч, сімвалічны урад. Але быць тут, у замежжы, і не выкарыстоўваць свой палітычны ўплыў, было б недаравальным. Я сама за апошні год шэсць разоў звярталася да ураду Канады, каб нейкім чынам паўплываць на сітуацыю з палітычнымі вязнямі ў Беларусі, каб быў нейкі націск.

Калі ў 2002 годзе, здаецца, Пуцін зрабіў заяву аб далучэнні Беларусі да Расіі ў якасці губерні, Рада БНР выслала лісты ва ўсе прыязныя нам урады свету. Мы пратэставалі супраць такіх выказванняў і тлумачылі, чаму Беларусь павінна быць незалежнай. Такую працу робім вельмі часта. Выступаем на розных канферэнцыях. Змагаемся, як толькі можна змагацца за незалежную Беларусь.

Еўрарадыё: Цікава, як ставяцца палітыкі розных краін да Рады БНР, іх урады? Як да грамадскай арганізацыі, альбо як да палітычнай?

Івонка Сурвіла: Думаю, як да палітычнай. Прынамсі на канвертах, якія я атрымоўваю ад палітыкаў, пішуць “Прэзідэнту Рады БНР” (смяецца). З іншага боку, статус урада ў выгнанні даволі складаны. Паводле міжнароднага права, калі урад адной краіны прызнае афіцыйны урад іншай, то ён ужо не можа прызнаць нас на афіцыйным узроўні.

Але нас вельмі добра разумеюць. Асабліва тыя, хто сам меў урады ў выгнанні. Іншыя ставяцца да нас заўсёды ветліва, спагадліва. Ведаеце, само існаванне урада ў чужыне ўжо ўяўляе сабой палітычную дзейнасць. Бо калі ёсць урад у выгнанні, то гэта азначае, што не ўсё зусім добра ў краіне.

Еўрарадыё: А з урадамі якіх краін Рада БНР усталявала найбольш цесныя адносіны?

Івонка Сурвіла: З урадам Канады, безумоўна. А таксама з урадамі тых краін, якія самі мелі падобныя прадстаўніцтвы — з Чэхіяй, з Польшчай, Эстоніяй, Латвіяй і Літвой. Гэта самыя блізкія да нас і найбольш сімпатычныя, фактычна.

Еўрарадыё: А ці можа грамадзянін Беларусі, прадстаўнік дэмакратычнай супольнасці, альбо нават палітычнай апазіцыі ўвайсці ў прэзідыўм Рады БНР. Магчыма, нават узначаліць Раду?

Івонка Сурвіла: Мы з’яўляемся Радай БНР у выгнанні. Таму нармальна, што ўсе радныя — эмігранты. Часам бывае, што чалавека выбіраюць у Раду, а затым ён вяртаецца ў Беларусь. Але гэта вельмі рэдкія выпадкі.

Еўрарадыё: Якой вы ўяўляеце сабе Беларусь сёння? Што чытаеце аб Радзіме, што ведаеце?

Івонка Сурвіла: Магу сказаць, што я абсалютна кожны дзень чытаю сайты, кнігі, газеты з Беларусі. Дагэтуль маю асабістыя сувязі з рознымі беларускімі змагарамі за волю. Таму думаю, што ведаю аб Беларусі не менш за кожнага беларуса.

Еўрарадыё: А што вас найбольш парадавала за апошнія дні з беларускіх навінаў, што здзівіла?

Івонка Сурвіла: Мяне вось здзівіла тое, што Латушку прызначылі амбасадарам у Парыжы. Ён, здаецца, быў не такім ужо дрэнным міністрам культуры. Хоць і амбасадар у Парыжы — гэта адказная пасада. Калі ён будзе праяўляць сябе добрым беларусам і будзе гаварыць усюды дзе трэба, што Беларусь — гэта не Расія, то зробіць добрую справу. У Францыі моцнае русафільства.

А вось цешыць мяне не так шмат. Была рада весткам аб вызваленні Саннікава. Хаця, ён пасля не вельмі добра гаварыў пра нашу ініцыятыву віленскай нарады і мемарандума. Але мы змагаемся за кожнага палітвязня, за яго вызваленне.

Сумных вестак больш. Кожны раз, калі адчыняю інтэрнэт, няма таго дня, каб не было сумна. Арышты, ператрусы, выказванні кіраўніка краіны… Яго страшныя выказванні ў адрас Захаду — гэта не на карысць Беларусі. Давядзецца прыкласці шмат намаганняў у будучыні, каб гэта выправіць. І асабліва мяне засмучае ўсё большая залежнасць ад Расіі. Гэта небяспека.

Еўрарадыё: Пры якіх умовах стане магчымым супрацоўніцтва Рады БНР, хай нават мінімальнае, з афіцыйным Мінскам?

Івонка Сурвіла: З цяперашнімі ўладамі няма абсалютна ніякай магчымасці для супрацоўніцтва. Мы лічым, што кіраўнік краіны не выбраны прэзідэнт, што ён трымае ўладу сілай у сваіх руках. Пры гэтым не бароніць Беларусь, а русіфікуе яе. Мы будзем гатовыя аддаць наш мандат дэмакратычна выбранаму парламенту нашай Беларусі, а таксама тады, калі незалежнасць Беларусі будзе гарантаваная назаўсёды. Мы лічым, што стаім на абароне незалежнасці.

Еўрарадыё: А калі ўявіць такую фантастыку, што беларускія ўлады раптам кардынальна змяняюць сваё стаўленне да Рады БНР, да вас, калі Лукашэнка вас запросіць прыехаць, вы прыедзеце?

Івонка Сурвіла: Я думаю… Ведаеце, мне страшэнна хацелася б прыехаць. Не ўяўляеце, як я сумую па Беларусі, як хачу прыехаць. Але я не паверыла б. Думала б, што там для мяне нешта рыхтуюць… Не ведаю, не ведаю… Мне трэба было б параіцца. Цяжка было б прыняць такое запрашэнне.

Івонка Сурвіла (дзявочае прозвішча — Шыманец) нарадзілася 11 красавіка 1936 года ў Стоўбцах — дзяячка беларускай эміграцыі, жыве ў Канадзе, з 1997 году ўзначальвае Раду БНР у выгнанні. Замяніла на гэтай пасадзе Язэпа Сажыча.

У 1944-м сям'я Шыманцоў уцякла з Беларусі ва Усходнюю Прусію, затым — у Данію, Францыю і Іспанію. У Парыжы Івонка скончыла Вышэйшую мастацкую школу, пасля моўнае аддзяленне Сарбоны (у 1959 годзе). У 1958-1965 працавала на Нацыянальным іспанскім радыё ў Мадрыдзе, вяла перадачы на беларускай мове, што трансляваліся на Беларусь.

Канчаткова пасялілася ў Канадзе ў 1969 годзе, да 1997-га працавала перакладчыцай ва ўрадзе Канады, перакладала з французскай і англійскай моваў.

У 1989 годзе заснавала Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі, узначаліла яго ў 1997 годзе. Фонд аказвае гуманітарную дапамогу пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС, арганізоўвае лячэнне і аздараўленне дзяцей з Беларусі ў Канадзе.

З 1944 года не была ў Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі