Ізраіль і Газа два дні запар абменьваюцца ракетнымі ўдарамі

Ізраіль і Газа два дні запар абменьваюцца ракетнымі ўдарамі

Ізраіль і Газа ўжо два дні запар абменьваюцца ракетнымі ўдарамі. Як перадае meduza.io са спасылкай на замежныя інфармагенцтвы, эскалацыя канфлікту адбылася 3 траўня. На мяжы сектара Газа і Ізраілю праходзілі звычайныя акцыі пратэсту супраць блакады рэгіёну. Падчас адной з акцыяў паранілі дваіх салдат ізраільскай арміі, якія ахоўвалі агароджу на лініі размежавання. У адказ ізраільскі беспілотнік ударыў па посце ХАМАС на тэрыторыі сектара, у выніку чаго загінула двое баевікоў.

Затым адбыліся сутычкі дэманстрантаў з салдатамі з аховы лініі размежавання. Пацярпела каля 50 чалавек.

Ракетны абстрэл пачаўся раніцай 4 траўня і працягваўся ўдзень 5 траўня. За суткі з Газы па Ізраілю выпусцілі 450 ракетаў, траціну з якіх перахапіла сістэма “Жалезны купал”, а 70% астатніх упалі ў незаселенай мясцовасці. Загінула трое мірных жыхароў — першы з 2014 года ў Ізраілі выпадак пры абстрэлах з Газы.

У сваю чаргу Ізраіль паразіў у Газе 220 мэтаў — склады і камандныя пункты ХАМАС, месцы запуску ракет, групу баевікоў “Ісламскага джыхаду”. Загінула 10 чалавек, у тым ліку цяжарная жанчына і яе гадавалая дачка. У выніку аднаго з авіяналётаў быў разбураны офіс турэцкага інфармагенцтва “Анадолу”. Таксама армія Ізраілю абвясціла пра забойства значнага дзеяча ХАМАС, які адказваў за фінансавыя патокі з Ірану.

Прэм’ер-міністра Ізраілю Беньямін Нетаніягу загадаў вайскоўцам працягваць масіраваныя бамбардзіроўкі, а таксама накіраваць на мяжу з сектарам дадатковыя танкі, пяхоту і артылерыю. Перамовы аб спыненні агню пакуль не вядуцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі