J-J Bingz: Мы “кормімся” з кавер-бэнда і не хаваем гэтага!

Першая частка размовы:

130412_backstage_1_0.mp3

Другая частка размовы:

130412_backstage_2.mp3

Трэцяя частка размовы:

130412_backstage_3.mp3

Чацвёртая частка размовы:

130412_backstage_4.mp3

У студыю Еўрарадыё завіталі вакаліст гурта J-J Bingz Слава Жук ды гітарыст Арцём Цыёнскі. Нягледзячы на рэпутацыю самых пазітыўных персанажаў беларускага шоў-біза, да пачатку размовы хлопцы паводзілі сябе вельмі стрымана. Але літаральна праз некалькіх пытанняў Слава разахвоціўся, раздухарыўся і пачаў укручваць падколкі ў кожны адказ. Арцём жа застаўся абсалютна сур’ёзным, патлумачыўшы гэта прыроджаным занудствам.

 

Патэлефанаваў Джордж Лукас: “Хлопцы, ну класная ж назва!”

 


 

Еўрарадыё: Давайце пачнём з назвы. Чаму вы вырашылі назваць гурт у гонар другаснага персанажа “Зорных войнаў”?

Слава Жук: Пачыналася ўсё гадоў 6 таму. Усе музыкі тады гралі ў розных гуртах, і атрымліваўся такі беларускі “панк олстарс бэнд” тых часоў. Назвалі мы гэта ўсё “Всё Crazy”, але, як высветлілася, ужо існаваў гурт з такой назвай… Яны ўбачылі нашу назву на афішы, прыйшлі на наш канцэрт і строга папярэдзілі: так нельга! Натуральна, яны былі першымі, таму нам давялося назву змяняць. Андрэю “Пуху” прыйшла ў галаву назва J-J Bingz

Арцём Цыёнскі: Але ў гэты момант ён быў крыху… Карацей, ён не мог узгадаць адкуль гэтая назва ў яго галаве з’явілася. Пра тое, што персанаж “Зорных Войнаў”, якога клічуць Джа-Джа Бінгз, я расказаў Андрэю ўжо значна пазней.

Слава Жук: Плюс патэлефанаваў Джордж Лукас, маўляў, хлопцы, ну класная ж назва! Дамовіліся па аўтарскіх. Спадзяюся, ён цяпер на нас не крыўдуе!

 

Еўрарадыё: Беларуская песня заўжды плача. Гэта такая нацыянальная рыса. А вы, наадварот, заўсёды асацыюецеся з заліхвацкай весялосцю і адрывам! Адкуль у вас гэта?


Арцём Цыёнскі: Не, ну я зануда!

Слава Жук: Бачыш! Ён нават вымавіў гэта, як зануда! Як комік гэты… Альтаў (смяецца)! Для нас проста боль — гэта весела, гэта добра (смяецца)! Насамрэч, весялосці паменела ў нас. Мы ж пачыналі шэсць гадоў таму, я тады студэнтам быў. Мне было ўсё роўна, я тусіў… Карацей, як і ўсе студэнты! Тады ў песнях і прысутнічала ўся гэтая лёгкасць. А цяпер мы неяк сталі больш дарослымі, пачалі заўважаць пэўныя рэчы, разумець іх… Цяпер нам падабаюцца і вясёлыя песні, і лірыка!

Арцём Цыёнскі: На новым альбоме ў нас дзве лірычныя песні, ну, тры… Але не факт, што на наступным іх увогуле не будзе. Мы не ставім сабе межаў, якая песня сачынілася, такая на альбом і трапіла!

“У нас ідэя ― яе адсутнасць!”

 


Еўрарадыё: Дарэчы, хацеў спытацца пра песню “Фукусима”, у вас нейкае асаблівае стаўленне да гэтай катастрофы?

Арцём Цыёнскі: Я глядзеў “Прожекторперисхилтон” акурат пасля гэтых падзеяў. У фінале вядучыя, якія звычайна выконваюць песні са сцёбам, гралі нешта сумнае, Ургант зачытаў ліст, у якім ліквідатары развіталіся са сваімі сваякамі, а Светлакоў збіраў птушку арыгамі. Мяне гэта вельмі ўзрушыла, я распавёў хлопцам.

Слава Жук: Тэма Фукусімы пачала актыўна абмяркоўвацца, і я выпадкова натрапіў на ліст ліквідатара, які напісаў свайму сябру нешта кшталту: “У гэтым свеце ёсць толькі адна дарога ― на неба, а таму няма сэнсу плакаць!” Гэты выраз мяне так захапіў, што я ўзяў яго за аснову прыпеву.

 

Еўрарадыё: Цяпер давайце пра новае, больш жорсткае гучанне гурта. Па гуку вас ужо з “Ляпісамі” параўноўваюць…

Слава Жук: Няма, акрамя труб, больш ніякага падабенства.

Арцём Цыёнскі: Ну, патлумачыць магчымае падабенства з “Ляпісамі” я магу толькі тым, што і мы, і яны спрабуем адмовіцца ад ярлыка ска-панк. Выкарыстоўваем пэўныя рэчы ад гэтага цудоўнага стылю, але аднесці сябе да лагера ска-панк-гуртоў мы не можам. Таму агульнага ў нас толькі выкарыстоўванне гітар ды труб.

Слава Жук: Не, мы не падобныя, не-е-е! Я не хачу (усміхаецца)! Затое, у нас іншыя аранжыроўкі! І ідэя ў іх іншая!

Еўрарадыё: А якая ў вас ідэя?


Слава Жук: А ў нас ідэя ― яе адсутнасць! Мы днямі прачыталі нечый пост, дзе было напісана, што ў дыска няма ніякай канцэпцыі і нейкай агульнай стужкі. Дык гэты каментатар, відаць, забыўся пра назву дыска. “Do What You Want” ― “Рабі, што хочаш”! То бок, наўмысна рабілі кампот з розных песень, па якіх паасобку пра нас будзе складана скласці меркаванне. Часта музыкі пішуцца нават у адной танальнасці, там плюс-мінус, і альбом гучыць, як адзін доўгі трэк, што перыядычна становіцца больш хуткім ці больш павольным. Вось тады усе кажуць, што гэта канцэптуальны альбом...

Еўрарадыё: То бок гэты альбом ― кампіляцыя лепшага за пэўны час?


Слава Жук: Не! Гэта менавіта альбом! Альбом песень, якія пісаліся менавіта для гэтага альбома.

“Дзякуй, што ў нас быў дыктафон”

 


Еўрарадыё: Раней вы спявалі выключна на рускай мове, на гэтым дыску з’явіліся англамоўныя песні, чаму? Зноў жа, чаму не беларускія?


Арцём Цыонскі: Зноў жа, мы рабілі гэта не адмыслова, не было задачы напісаць песню на англійскай. Мы са Славам і Лёлікам закрываліся ўтраіх у кватэры і складалі песні. І вось у нас ішоў працэс, узнікалі нейкія словы, выразы, стваралася, так бы мовіць, рыба. Калі на рускай яна была, калі на англійскай… Мы нават спрабавалі на англамоўную “рыбу” накласці нейкія рускія словы, але потым плюнулі. Тое ж і з беларускай мовай. Мы доўгі час выконвалі кавер на “Я нарадзіўся тут”, песня нам вельмі падабаецца і, можа, мы яе калі-небудзь нават запішам. Калі нешта ў нас народзіцца на мове, то яно і будзе на мове!

 

Еўрарадыё: Ты казаў, што для напісання песні вы запіраліся ў кватэры. Дык вы нечым падаграваліся і пісалі, так?

 

Слава Жук: Ну, як калі (усміхаецца). Былі выпадкі, калі мы ад абеду маглі прыдумляць увесь дзень… На наступную раніцу прыходзілі на рэпетыцыю. І вось мы памятаем, што сачынілі трэк, думаем, што цяпер пачнём яго граць, але… Дзякуй, што ў нас быў дыктафон, які мы праслухоўвалі: “Ніфіга сабе!” — і пачыналі граць.

 

“Трэба шукаць максімальна танныя, але якасныя выйсці”

 


Еўрарадыё: Чаму ў вас заўсёды розная колькасць музыкаў у гурце?

Слава Жук: А ў нас — калі ёсць трубач, калі няма… Ці трамбаніст (смяюцца). Проста мы разбіраліся са складам, бо наспеў час, калі варта вырашаць: сур’ёзна займацца музыкай, ці так, для забавы. Хтосьці казаў, што не гатовы ўкладаць грошы і сілы ў праект, хтосьці не мог з-за сям’і, асноўнай працы ці чаго-небудзь яшчэ. Хтосьці сыходзіў, а потым вяртаўся… Дарэчы, таму мы так доўга і запісвалі альбом! Плюс — у “духаў” (так Слава называе духавікоў ― заўв. Еўрарадыё) заўсёды свае справы ёсць. Я, нават, не ведаю, як гэта патлумачыць.

Еўрарадыё: Ты сказаў пра ўкладанне грошай. А колькі трэба ўкласці, каб атрымаць вынік?


Слава Жук: А тут не адгадаеш! Думаю, што тут больш залежыць, як цяпер модна казаць, ад кантэнту. Ты можаш укласці 100 тысяч долараў у кліп, у запіс, але на выхадзе нічога не атрымаеш. Але, з іншага боку, і за 100 баксаў нічога ты зрабіць не здолееш! У нашым выпадку трэба шукаць максімальна танныя, але якасныя выйсці. А выкладаць цяпер адразу вялікія грошы… напрыклад, 100 тысяч долараў… з большай карысцю мы на іх у лазню разок сходзім (усміхаецца).

Пра лабухаў, “духаў” ды праект “Огонёк”

 


Еўрарадыё: А навошта вы займаецеся музыкай, якія ў вас мэты?


Слава Жук: Асабіста я хацеў гэтага з дзяцінства. Я памятаю, у 9 гадоў вельмі хацеў выступіць на сцэне з рок-гуртом… Выступіў — і мэты змяніліся. У мяне ўсё глабальна: я хачу звязаць жыццё з музыкай! Каб я рабіў музыку для людзей, яны яе слухалі і радаваліся… А я б жыў за кошт іх радасці (смяецца).

 

Еўрарадыё: То бок, усё ж ёсць такая мэта — зарабляць грошы?


Слава Жук: А чаму б не зарабляць любімай справай? Чаму ўвогуле людзі мусяць зарабляць нелюбімымі справамі? А тое, што мы ўсе пакуль дзе-небудзь працуем… Дык ты ж сам ведаеш, дзе мы жывем! Жыць жа трэба, сем’і карміць! Калі атрымаецца ў гэтым сэнсе што-небудзь замяніць музыкай, то я гэта зраблю з задавальненнем.

Арцём Цыёнскі: Ну і тут жа сур’ёзнае пытанне, ці можна ўвогуле ў Беларусі зарабляць музыкай? Нашы духавікі зарабляюць менавіта тым, што граюць музыку, у розных гуртах, праектах, на халтурах і г.д.

Еўрарадыё: То бок, яны час ад часу лабухі: па некалькі разоў за вечар “Трава у дома”?

Арцём Цыёнскі: А мне падабаецца час ад часу пайграць такія песні. Як бы там ні было, няхай і не рок, але гэта класіка, якую ў свой час, і з гэтым складана паспрачацца, рабілі таленавітыя людзі. Мне цікава, як гэта ўсё яны гралі, цікава сядзець, здымаць, корпацца ў гэтым…

Слава Жук: Ну, і каб навучыцца нешта граць, ты мусіш граць кагосьці. Каб музыкі ў гурце адчулі адзін аднаго, каб хоць трошкі сыграліся, яны мусяць пайграць тое, што кожны добра ведае. Ты ж не пойдзеш у музычную школу і не кажаш: “Я зараз насачыняю і буду ў вас вучыцца гэта граць!”

Еўрарадыё: Добра, тады такім чынам падвядзем рысу: калі вы лабаеце ў кабаках, то з гонарам кажаце, што яшчэ ў вас ёсць гурт J-J Bingz. А вось наадварот, калі ў вас канцэрт J-J Bingz, то вы з такім жа гонарам прызнаецеся пра кавер-бэнд?

Слава Жук: Так! Я з задавальненнем кажу, што ў нас ёсць праект “Огонёк”. Дык мы ж некаторыя каверы пераносім і ў творчасць J-J Bingz! На нашым першым альбоме “Нормальный”, напрыклад, быў кавер на песню “Солнышко” гурта “Демо”. То бок мы не з тых, хто будзе саромецца таго, што перыядычна грае каверы. Больш за тое, на вяселлях да мяне часам падыходзяць і просяць выканаць нашы песні... Ну, і, што хаваць, “Огонёк” корміць J-J Bingz!

“Альбом і канцэрт-падарунак прыхільнікам за тое, што прымусілі доўга чакаць”

 


 

Еўрарадыё: Куды паедзеце летам, ці ёсць ужо фестывальная карта?


Слава Жук: Ой, жаданняў і ідэй шмат… “Ни минуты покоя! (смяюцца) Пакуль мы закідваем вуды, але на “Соседний мир” вельмі актыўна збіраемся і жадаем.

Арцём Цыёнскі: І вельмі хочам патрапіць хоць якім-небудзь чынам сёлета на фестываль “Кубана”!

Слава Жук: Але пакуль гэта планы! З кімсьці вядуцца перамовы, з кімсьці амаль дамоўлена, але дакладна сказаць, што сёлета мы едзем сюды, туды і туды, пакуль не можам.

Еўрарадыё: Прэзентацыю альбома Do What You Want вы зрабілі бясплатнай. Але ёсць меркаванне, што бясплатныя канцэрты ― гэта сабатаж усёй беларускай неэстраднай музыкі…


Слава Жук: Чуў я такое меркаванне! Не раз. Маўляў, толькі беларусы пачалі хадзіць на канцэрты і плаціць, а тут… На наступны дзень пасля нас Уладзімір Пугач з праектам “Нафта” таксама 500 квіткоў на халяву раздаваў! Чаму б і не? Чаму, напрыклад, на беларускія гурты не ходзяць людзі? Ніколі не думалі? Бо нехта проста не жадае. А нехта, можа, і схадзіў бы. Але кошт неаб’ектыўна высокі.

Еўрарадыё: Ну, тут можна паспрачацца! Ці шмат тваіх сяброў згодныя пайсці на твой канцэрт за грошы? Бо словы: “Што плаціць такія грошы за яго канцэрт, калі я з ім у суседнім пад’ездзе жыву!”


Слава Жук: Калі я скажу, што ў мяне няма запрашальнікаў і правесці я не здолею, то мае сябры пойдуць! Але трэба больш вузка глядзець, бо не з усімі я жыву ў суседніх пад’ездах і не з усёй тысячай нашых наведвальнікаў канцэрта я бухаў. Напрыклад, “Ляпісы” могуць дазволіць сабе і платны, і бясплатны канцэрт, які заўгодна — і збяруць любую залу. А для пачаткоўцаў бясплатныя канцэрты ― гэта выдатны варыянт. А мы зрабілі падарунак прыхільнікам у выглядзе альбома і канцэрта за тое, што прымусілі доўга чакаць. Нічога мы разгодваць і сабатаваць не жадалі. Проста хацелі, каб у нас было больш аматараў.

Фота: another.by, ultra-music.com, websmi.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі