Каб выехаць з Беларусі, цяпер патрэбна даведка з адмоўным ПЛР-тэстам?
Збор матэрыялу для тэста на COVID-19 / Reuters
Нядаўна Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала пералік арганізацый аховы здароўя, якія маюць права праводзіць ПЛР-тэсты на COVID-19 "для асоб, якія выязджаюць за межы Рэспублікі Беларусь". Усе ўстановы ў спісе — дзяржаўныя.
Ужо сама фармулёўка "для асоб, якія выязджаюць" выклікае пытанні. Для таго каб выехаць з Беларусі, цяпер патрэбна даведка з адмоўным ПЛР-тэстам? І атрымаць яе можна толькі пасля аналізу ў дзяржаўнай лабараторыі?
На сайце Нацыянальнага аэрапорта Мінск у раздзеле аб COVID-19 указваецца:
— ...вынікі [тэста. — Еўрарадыё] выдаюцца на рускай і англійскай мовах і падыходзяць для выезду за межы Рэспублікі Беларусь.
А на сайце адной з недзяржаўных лабараторый у раздзеле аб ПЛР-тэстах на COVID-19 у той жа час можна прачытаць: “...вынік, які выдаецца нашай лабараторыяй, не з'яўляецца даведкай для выезду за мяжу".
Выезд або ўезд?
Даследаванні ў дзяржаўных установах праводзяцца толькі па папярэднім запісе. Злавіць "акенца" на патрэбныя даты цяжка: дзесьці ўсё ўжо распісана на тыдні наперад. Дапамагае сэрвіс covidtest.by, але ёсць сітуацыі, калі і ён бяссільны.
Напрыклад, чалавек хоча вылецець з Беларусі ў Грузію ўвечары ў панядзелак. У раскладзе рэйс Мінск – Тбілісі стаіць на 22:50. Памежная служба Грузіі патрабуе адмоўны ПЛР-тэст, зроблены цягам не больш чым 72 гадзін перад уездам. Гэта значыць пазней, чым 22:50 пятніцы. Але ў суботу і нядзелю дзяржаўныя цэнтры не працуюць. А тэст з прыватных, як вынікае са спісу Міністэрства аховы здароўя, не падыходзіць.
Уважлівыя чытачы заўважаць, што ў спісе Міністэрства аховы здароўя гаворка ідзе пра ПЛР-тэсты для выезду з Беларусі, а грузінскія патрабаванні датычацца ўезду ў краіну. Гэта адно і тое ж?
Як аказалася, не. Нягледзячы на строгую фармулёўку на сайце Міністэрства аховы здароўя Беларусі (маўляў, для выезду з Беларусі трэба атрымаць даведку з дзяржаўнага медцэнтра), даведка з прыватнага медцэнтра падышла для таго, каб уехаць па ёй, у прыватнасці, у Грузію.
Хто правярае ПЛР-тэсты на мяжы
Паказаць адмоўны ПЛР-тэст на COVID-19 у карэспандэнта Еўрарадыё папрасілі пры рэгістрацыі на рэйс — на стойцы "Белавія". А калі б ён ляцеў без багажу і зачэкініўся анлайн — яго тэстам наогул ніхто б не пацікавіўся.
Гэта пацвярджае газета "Беларусы і рынак": беларускія памежнікі не правяраюць вынікі тэстаў пры выездзе з Беларусі.
— У нас праверка ПЛР-тэстаў ажыццяўляецца толькі на ўезд у Рэспубліку Беларусь органамі памежнай службы і толькі ў дачыненні да замежнікаў. У сапраўдны момант не магу сказаць, якія павінны быць тэсты з якіх клінік. Калі зменяцца пастановы, звязаныя з памежным кантролем, толькі тады мы зможам гэтую сітуацыю пракаментаваць, — зазначаюць у прэс-службе Дзяржпамежкамітэта.
Выходзіць, выехаць з краіны можна без усялякіх тэстаў, а далей усё залежыць ад патрабаванняў прымаючага боку. Часта гэта адмоўны вынік ПЛР-тэста на COVID-19, зроблены за 72 гадзіны да ўезду на тэрыторыю іншай дзяржавы.
Лётаюць і з тэстамі з іншых лабараторый
Кіраўнікі рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый і кіраўнік туркампаніі "Тайм Ваяж" Руслан Сегенюк распавядае, што ў яго практыцы не было выпадкаў, каб кагосьці развярнулі на мяжы з-за "не таго" тэста.
— Умовы пастаянна змяняюцца. Сапраўды, існуе пералік Міністэрства аховы здароўя, але ёсць і іншыя лабараторыі. Калі тэст на англійскай, стаяць усе подпісы, дата, час, штрых-код, то людзі пралятаюць. Было такое, што людзі рабілі тэсты ў іншых лабараторыях. Тут мы здымаем з сябе адказнасць, але выпадкаў, што не праляталі, не было.
Тураператары ўсё ж перастрахоўваюцца — і сваіх турыстаў накіроўваюць у "сертыфікаваныя" дзяржаўныя лабараторыі, адзначае суразмоўца. Хоць чым іх тэсты адрозніваюцца ад тэстаў ад "прыватнікаў" — незразумела.
— Памежнікі не правяраюць, правярае "Белавія". Па наземным транспарце не магу сказаць. Калі патрабаванні прымаючай краіны не выкананы, то проста не пасадзяць на рэйс. Напрыклад, для Турцыі і Грузіі гэта рэгістрацыя чалавека ў Міністэрстве аховы здароўя гэтых краін. На сайце трэба ўказаць дату прыезду і ад'езду, нумар тэлефона і гэтак далей.
Пералік Міністэрства аховы здароўя — для Расіі
Калі для некаторых краін не прынцыпова, у якой лабараторыі быў зроблены тэст, то ў Расіі жорсткія абмежаванні. Якраз туды беларусы могуць трапіць, толькі зрабіўшы тэст ва ўстаноўленых Міністэрствам аховы здароўя лабараторыях. Яны ўключаны ў сістэму "Падарожжа без COVID-19", якая дзейнічае ў Беларусі, Расіі, Кыргызстане і Арменіі. З 24 траўня да яе павінен далучыцца Казахстан.
— Калі чалавек зрабіў ПЛР-тэст, каб паехаць у Расію, у той лабараторыі, дзе ён рабіў яго для Егіпта, і ўсё праходзіла, то на стойцы рэгістрацыі "Белавія" правераць, ці ёсць ён у сістэме. Адпаведна, QR-код з гэтага лабараторнага тэста не скануецца і чалавека не прымаюць на рэйс у Расіі. Такі выпадак я ведаю, — заключае Руслан Сегенюк.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.