Качанава пасадзейнічала, каб школу ў Жыровічах перавялі на рускую мову
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава пасадзейнічала, каб вясковую школу ў Жыровічах у Слонімскім раёне перавялі з беларускай на рускую мову, піша "Наша ніва". Калектыўныя заявы аб пераводзе пісала група бацькоў дзяцей. Але Слонімскі райвыканкам быў супраць. Пасля бацькі звярталіся ў Мінадукацыі. Яны спасылаліся на тое, што ў жыровіцкай школе шмат дзяцей праваслаўных святароў, якія раней хадзілі ў гарадскія рускамоўныя школы і цяпер ім складана перавучвацца.
Летам, калі Качанава прыязджала ў Жыровічы, да яе звярнулася тая група бацькоў з чацвёртай заявай аб пераводзе школы на рускую мову. На гэты раз паспяхова. Для калектыву навучальнай установы гэта стала шокам, адзначае выданне.
У школе ў Жыровічах вучыцца больш за 200 дзяцей. Жыровічы — вядомы цэнтр праваслаўя ў Беларусі, там дзейнічае манастыр, захоўваецца знакамітая ікона.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.