Качанава: затрыманне баевікоў не перашкодзіць вядзенню прэзідэнцкай кампаніі

Наталля Качанава / belta.by
Наталля Качанава / belta.by

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі Наталля Качанава лічыць, што затрыманне расійскіх баевікоў 29 ліпеня не перашкодзіць вядзенню прэзідэнцкай кампаніі. Пра гэта яна расказала журналістам пасля наведвання 30 ліпеня Цэнтрвыбаркама.

Нас запрасілі ў ЦВК для таго, каб папярэдзіць аб тым, што мы павінны гарантаваць бяспеку тых людзей, з якімі сустракаемся падчас правядзення агітацыйнай кампаніі ў гэтай выбарчай гонцы. Калі ўлады будуць забяспечваць пры правядзенні масавых мерапрыемстваў дадатковыя меры бяспекі, то я лічу, гэта абсалютна правільна, — пракаментавала пасяджэнне ў ЦВК Наталля Качанава. 

Журналісты таксама пацікавіліся, наколькі, на думку Наталлі Качанавай, сур'ёзная сітуацыя з затрыманнем расійскіх баевікоў пад Мінскам 29 ліпеня.

Я лічу, што сітуацыя вельмі сур'ёзная. Калі сюды прыязджаюць людзі, якія ўдзельнічалі ў такіх акцыях, то гэта больш чым сур'ёзна. Гэта нельга недаацэньваць. 

Ці паўплывае гэта на ход кампаніі? — удакладнілі журналісты.

Гэта не перашкодзіць вядзенню прэзідэнцкай кампаніі. У нашай краіне самая вялікая каштоўнасць — гэта чалавек. Задача ўлады — забяспечыць бяспеку, — адказала давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі