Калі Ігар Пцічкін ужываў псіхатропы, чаму іх сляды не знайшла экспертыза?
Эксперты аналізуюць, чаму 21-гадовы хлопец памёр у СІЗА.
Па версіі следства, 21-гадовы мінчанін Ігар Пцічкін памёр у сталічным СІЗА на вуліцы Валадарскага ад вострай сардэчнай недастатковасці, выкліканай адменай псіхатропаў.
Жанна Пцічкіна, маці памерлага сцвярджае, што ні накротыкаў, ні алкаголю ў яе сына не знайшлі,а тое, што ён на працягу 2 гадоў ужываў наркотыкі, вядома з паказанняў сведак.
Жанна Пцічкіна: "Першая экспертыза ні наркаманіі, ні алкаголю ў яго не знайшла. А калі ён два гады быў наркаманам, то дакладна б знайшлі. Нічога не знайшлі ў арганізме. Ні у прамой кішцы, ні у мачы, ні ў крыві. Пусты страўнік, абязвожванне. Нічога. А яны гэта ўсё са словаў. Як яны могуць са словаў так казаць?"
Вядома, што Ігара Пцічкіна прывязвалі рамянямі, бо ў яго была неадэкватная рэакцыя.
Кіраўнік праваабарончай арганізацыі "Платформа" Алёна Красоўская-Каспяровіч, былы медык, якая працавала ў папраўчых установах, кажа, што неадэкватная рэакцыя магла быць выкліканая іншымі прычынамі.
"Вельмі часта, з-за замкнутай прасторы ў іх папросту кажучы едзе дах. Яны пачынаюць паводзіць сябе неадэкватна, не таму што наркаманы, а таму што навакольная абстаноўка на іх так дзейнічае. Проста чалавек паводзіў сабе неадэкватна, але такое бывае са многімі".
Каб супакоіць хлопца, яго прывязалі рамянямі. Адсюль і сляды лёгкіх цялесных пашкоджанняў, тлумачаць ў Следчым камітэце.
Пцічкін быў асуджаны на тры месяцы арышту за кіраванне аўто п'яным. 30 ліпеня 2013 года ён разам з маці прыйшоў у міліцыю, адкуль яго накіравалі ў СІЗА. Праз 3 дні ён памер ад сардэчнай недастатковасці.
"Вострае псіхічнае расстройства, парушэнне водна-салявога абмену, фізічнае спусташэнне. Усё гэта прывяло да вострай сардэчнай недастатковасці", — паведамляе афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
Урач нарколаг, кіраўнік медцэнтра "Нарказдраў" Сяргей Нурысламаў кажа, што звычайныя канабіноіды могуць утрымлівацца ў арганізме ад аднаго да трох месяцаў. Сінтэтычныя - "спайсы" таксама. Любы прэпарат мінімальна утрымліваецца ў арганізме на працягу 5 дзён. Усё залежыць ад доз і працягласці прыёму.
Чаму ж у Ігара Пцічкіна не знайшлі ніякіх слядоў наркотыкаў ці псіхатропаў, калі па звестках следства ён ужываў іх на працягу 2011-2013 гадоў?
Сяргей Нурысламаў: "Калі лабараторным чынам вы спрабуеце выявіць "спайсы", і яны не выяўляюцца, значыць, хутчэй за ўсё, чалавек даўно ад іх адмовіўся. Але ў кожным канкрэтным выпадку трэба разбірацца. Чалавек адмаўляецца да "спайса", напрыклад, калі ў яго узніклі трызненне, галюцынацыі і іншае. Паралельна з трызненнем, ён адмовіўся ад ежы месяц, таму арганізм пачаў знясільвацца. Потым ён адмовіўся ад "спайсу", з'явіліся дыспектычныя з'явы. Потым ён трапляе ў СІЗА, праз 3 дні памёр. У розных вадкасцях не выяўленыя рэшткі гэтых наркатычных рэчываў. Вы павінны глядзець на сітуацыю не лакальна, яе трэба адматаць назад на 3 дні, на тыдзень, месяц. Цалкам магчыма, што "спайсы" месяц не ужываліся, але яны стварылі ўскладненні падчас ужывання, гэтыя ўскладненні узмацніліся пасля адмовы і дапоўнілася гэта нервова-псіхалагічным знясільваннем у СІЗА".
Падчас адмовы ад "спайсаў", кажа эксперт, сапраўды бываюць рэакцыі, апісаныя ў заключэнні следства. Бывае, што людзі не спяць да двух тыдняў пасля адмены вялікіх доз. Але ўсе гэта праявілася б да СІЗА. Тры дні для з'яўлення фактараў адмены наркотыку мала, кажа урач-нарколаг Сяргей Нурысламаў.
Тое, што Пцічкін паступаў у СІЗА ўжо ў неадэкватным стане, не паведамляецца. Туды ён прыйшоў сам. Праваабронца Алёна Красоўская-Каспяровіч кажа, што перад паступленнем у СІЗА аналіз на накротыкі яму не рабілі, таксама не фіксавалі нейкія пабоі.
Пасля смерці сваякі знялі на камеру сляды, падобныя на пабоі.
"І гэта не трупныя плямы. Ёсць дыягнастычныя прыкметы, па якіх можна адрозніць трупныя плямы ад пабояў пры жыцці. Гэта не былі трупныя плямы. Я асабіста на іх націскала і глядзела, як яны аднаўляюцца", — кажа Алёна Красоўская-Каспяровіч, якая аглядала цела перад пахаваннем.
Між іншым, следства ўстанавіла, што прычына смерці — не пашкоджанні, якія па афіцыйнай версіі з'явіліся з-за прывязвання рамянямі.
Алёна Красоўская-Каспяровіч: "Трэба разбірацца дэтальна і глядзець, на якіх падставах яны зрабілі такія высновы. У любым выпадку, чалавеку не дапамаглі, калі яму стала кепска і не зрабілі, тое, што мусілі зрабіць".
Але следства працягваецца, цяпер разглядаецца, наколькі правільна аказаў дапамогу медыцынскі персанал СІЗА.