Што акрамя 2,5 мільёнаў кароў можа выратаваць беларускую эканоміку?

“Я працытую каментар у Facebook. Шкада, што не мой: “У нас у эканоміцы замала кароў, але зашмат бараноў!” — адгукаецца на просьбу паразважаць пра новыя ініцыятывы Пятра Пракаповіча аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб.

Выступаючы ў парламенце, віцэ-прэм’ер прапанаваў ратаваць беларускую эканоміку малаком: “Калі б мы сёння мелі 2,5 мільёна кароў, як у 1992 годзе, і калі б кожная карова давала 5 тысяч літраў малака, у нас наогул сёння ніякіх праблем у эканоміцы не было б”, — заявіў Пётр Пракаповіч.

Ну што ж, каровы — гэта хаця б не авечкі, якіх прапаноўваў гадаваць у Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Паўтара года таму шмат хто палічыў дзіўнай гэтую ідэю. Але ў бюджэце на 2014 год на развіццё авечкагадоўлі прадугледжаны 41 мільярд рублёў. Гэта ўдвая больш, чым, напрыклад, на развіццё хакея. А хакей у Беларусі — справа сур’ёзная.

Цяпер у Беларусі 1,4 мільёна кароў. Значыць, паводле Пракаповіча, пагалоўе трэба павялічыць амаль удвая. Чаму віцэ-прэм’ер згадаў у сваёй прамове менавіта каровак? Тлумачыць незалежны аналітык Сяргей Чалы:

“Расійскі рынак малочнай прадукцыі ёмісты. З іншым імпартам — новазеландскім, галандскім, фінскім — мы там паспяхова змагаемся. Якасць даём нармальную. Па знешнім гандлі “малочка” — гэта адзінае, што сёлета забяспечвае прырост. Логіка такая: давайце нарошчваць, пакуль не дасягнем насычэння”.

Тлумачэнні — тлумачэннямі, аднак Чалы не можа назваць яшчэ хаця б адну настолькі зручную сферу. І дрэваапрацоўка, і вытворчасць цэменту, якія ў апошні час на слыху, — энергаёмістыя галіны, у якіх мы прайграем па кошце нават тым жа расіянам.

“Не думаю, што мільён кароў можа забяспечыць паспяховае будучае Беларусі, — разважае пра перспектыўныя сферы бізнэсу навуковы супрацоўнік BEROC Зміцер Крук. — Галоўным крытэрам мусіць быць найменшая энергазалежнасць. А другі крытэр — экспартная накіраванасць і высокая доля дададзенай вартасці. Думаю, сёння найлепш адпавядае гэтым параметрам сфера IT. Але для эканомікі чароўных рэцэптаў, накшталт сарваць куш ці выйграць джэкпот, не існуе. Для гэтага трэба планамернае развіццё”.

Уласна кажучы, ёсць пытанне і да малочнай галіны: калі ўсё так проста і зразумела, дык чаго мы чакалі ўсе апошнія гады?

“Калі рашэнне настолькі эканамічна эфектыўнае і прыбытковае, дык кінулі б чыноўнікі дзяржаўную службу і заняліся б яго рэалізацыяй! Ці яны настолькі дбаюць пра краіну, што направа і налева раскідваюцца ідэямі? Хутчэй за ўсё, гэта рашэнні, ніяк не пратэставаныя з гледзішча эканамічнай эфектыўнасці”, — лічыць дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык. На яго думку, тое, што бізнэс пакуль што не вельмі імкнецца інвеставаць у “малочку”, кажа, што зарабіць на ёй не так і проста.

Вадзім Іосуб мяркуе, што, звярнуўшы ўвагу на малочную галіну, урад папросту ідзе па шляху найменшага супраціву. Але і ён можа прапанаваць гатовага рэцэпту для выратавання беларускай эканомікі — так, як гэта робіць Пётр Пракаповіч.

Вадзім Іосуб: “Трэба тут падумаць над тым, што яшчэ ў нас добра, без праблем прадаецца. І калі б гэтага было больш… Бо робяць адваротнае: актыўна вырабляюць тое, што не могуць прадаць”.

Аляксандр Чубрык прыгадвае азначэнне “кропкі росту”, папулярнае на постсавецкай прасторы і адсутнае ў замежнай. “Малочка” і ёсць такой кропкай — сферай, развіваць якую больш выгадна, чым іншыя. Прынамсі, у планах.

Аляксандр Чубрык: “Але пытанне ў тым, што дзяржава не вызначае прыярытэты для эканомікі. Яна займаецца падтрымкай асяроддзя, у якім эфектыўна працуе прыватны бізнэс. Вось простая задача для дзяржавы. Як толькі дзяржава пачынае займацца інвестыцыямі ў розныя такія штукі і вызначаць прыярытэты — усё. Гэта значыць, грошы пайшлі не туды. З вялікай верагоднасцю”.

Вытворчасць малака — гэта бізнэс, якому, як і кожнаму іншаму бізнэсу, уласцівыя рызыкі. Але прыватнік укладае ў справу ўласныя грошы, а дзяржава, укладаючы ў “малочку”, збіраецца рызыкнуць нашымі, атрыманымі ад падаткаў.

І тут не лішне нагадаць, што ў той жа прамове Пётр Пракаповіч казаў пра іншы бізнэс-праект беларускай дзяржавы — мадэрнізацыю. Па словах віцэ-прэм’ера, на гэты момант яна паспяхова скончылася толькі на 40% прадпрыемстваў. Сотні мільёнаў долараў, укладзеныя ў мадэрнізацыю, не толькі не прыносяць прыбытку, але нават не спяшаюцца “вяртацца”.

Фота: professionali.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі