“Калі тэмпы збору подпісаў не павялічым, то вялікія праблемы ўзнікаюць…”
У Сяргея Гайдукевіча — 55 тысяч подпісаў, у Мікалая Улаховіча — 47 тысяч, у Караткевіч і Цярэшчанкі — па 40 тысяч. Якія шансы, сабраць 100 тысяч?
Яшчэ на мінулым тыдні за вылучэнне дзеючага кіраўніка краіны сабралі 100 тысяч подпісаў. Таму сачыць за падпісной кампаніяй на яго карысць ужо нават не цікава — праграма-мінімум выкананая. А вось як ідуць справы ў іншых прэтэндэнтаў, ці паспяваюць яны сабраць неабходную колькасць?
Вось толькі з абнаўленнем інфармацыі па колькасці сабраных подпісаў не ва ўсіх прэтэндэнтаў у прэзідэнты добра. Да прыкладу, у панядзелак раніцай у Віктара Карняенкі, кіраўніка ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі, былі звесткі чатырохдзённай даўніны, за мінулы чацвер. І лічба гэтая — каля 10 тысяч сабраных подпісаў. Ці не малавата нават з улікам сабраных па наступныя 4 дні, і ў чым прычына?
Віктар Карняенка: “Проста, усе сябры ініцыятыўнай групы павінны прачнуцца і працаваць — па нашых дадзеных не ўсе працуюць. Магчыма, што чалавек 500 працуе…”
І гэта пры тым, што ініцыятыўная група ў Анатоля Лябедзькі — амаль 1 тысяча чалавек. На пытанне, ці ёсць ужо ў Лябедзькі свой выбарчы фонд, Карняенка ўздыхае: “Вырашылі, што патрэбы няма пакуль у гэтым” . Зразумела, што адкрыць яго не праблема, але міжволі гэта наводзіць на думкі, што асабліва на працяг удзелу ў выбарах лідар АГП не разлічвае.
Звесткамі толькі за першыя 8 дзён кампаніі па зборы подпісаў, з 28 па 30 ліпеня, можа падзяліцца Валерый Ухналёў, кіраўнік ініцыятыўнай групы лідара партыі левых “Справядлівы свет” Сяргея Калякіна. І сабралі яны каля 20 тысяч подпісаў. Ухнялёў сумна прызнае: “Калі тэмпы не павялічым, то вялікія праблемы ўзнікаюць…” Што, сябры іх ініцыятыўнай групы таксама любяць паспаць?
Валерый Ухналёў: “Паўтары тысячы ў нас у ініцыятыўнай групе, і я вымушаны сказаць, што дзесьці адсоткаў 60 працуюць. А вось астатнія па розных прычынах практычна не працуюць”.
Кажа, з такімі “сонямі” спрабуюць сустракацца і размаўляць кіраўнікі рэгіянальных штабаў, але ці будзе вынік, невядома. Выбарчы фонд у прэтэндэнта Калякіна ёсць, але грошай туды, прызнае Ухналёў, пакуль пералічылі мала: няма ахвотных, бо банк паведамляе прозвішча кожнага, што зрабіў свой унёсак “на развіццё левай дэмакратыі”. Тым не менш, нават з гэтых мізерных грошай, суму якіх суразмоўца Еўрарадыё не называе, штаб Калякіна вырабіў “тое-сёе для абсталявання пікетаў”.
Старыя звесткі па сабраных за Сяргея Гайдукевіча подпісах і ў яго намесніка Алега Гайдукевіча. Пакуль гаворка ідзе пра тыя ж 55 тысяч подпісаў на мінулую пятніцу. Праўда, у Гайдукевіча ўпэўненыя, што ўжо да 15 жніўня яны збяруць 120 тысяч подпісаў. Гайдукевіч-малодшы хваліцца: у іх ініцыятыўнай групе з 2,5 тысячы чалавек аматараў пагультаіць толькі адсоткаў 5.
Алег Гайдукевіч: “Мы ад пачатку складалі групу, якая будзе працаваць. Таму, там няма ні мяне, ні маіх сваякоў, ні якіх іншых людзей, якія не будуць подпісы збіраць. Здаецца, там нават Крыжаноўскага няма!”
Дарэчы, да пачатку кампаніі Сяргей Гайдукевіч абяцаў, што будзе плаціць “за подпісы”. Праўда, не ўдакладняў суму — і колькі ж каштуе подпіс у ЛДПБ?
Алег Гайдукевіч: “Памяняў лідар партыі сваё рашэнне, бо ўсе людзі гатовыя працаваць на энтузіязме. Яны сябры партыі і працуюць на карысць партыі і сваёй будучыні. Будуць заахвочвацца граматай, павышэнне па пасадзе, яшчэ нечым — у нас шмат у партыі розных гэтых рэчаў”.
Фонд свой Сяргей Гайдукевіч адчыніў толькі сёння. Што да маек з выявай лідара партыі, у якіх стаяць яго зборшчыкі на пікетах, то, кажа Алег Гайдукевіча, яны былі зробленыя яшчэ год таму “за партыйныя грошы”. Загадзя рыхтаваліся!
Лепш са свежай інфармацыяй па колькасці сабраных подпісаў у штабах Таццяны Караткевіч, Віктара Цярэшчанкі і Мікалая Улаховіча: 40 тысяч сабрана за Караткевіч, столькі ж за Цярэшчанку і 47 тысяч — за “казацкага атамана”. Усе хваляцца, што ў іх ініцыятыўных групах зусім нязначная колькасць людзей ухіляецца ад працы і што яны збіраюцца нарошчваць тэмпы. Людзі Улаховіча будуць больш хадзіць па кватэрах, каманда Цярэшчанкі “ўзмацніцца валанцёрамі”, а ў Караткевіч амаль удвая палічыцца колькасць пікетаў: людзі, кажа кіраўнік ініцыятыўнай групы вылучэнкі ад “Народнага рэферэндуму” Андрэй Дзмітрыеў, убачылі, што подпісы збіраюцца, і самі актывізаваліся. Ну, і яшчэ група Караткевіч займела майкі з яе выявай. Ну, цяпер, канешне, чаму б і не пачаць працаваць. А за якія грошы зрабілі калі выбарчы фонд амаль пусты? Добры чалавек дапамог, адказвае Дзмітрыеў.
Фота Змітра Лукашука