Калінін: Калі б дэпутаты пісалі ва ўрад па-беларуску, і мы б на мову перайшлі
30 лістапада на пытанні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі адказваў віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін. Дэпутат Алена Анісім пацікавілася ў віцэ-прэм’ера, ці плануе Савет міністраў нешта зрабіць для таго, каб пашырыць выкарыстанне беларускай мовы ў сваёй дзейнасці.
Калінін: “Зараз ва Урад паступіла адно пытанне на беларускай мове ад дэпутатаў. Адно пытанне – адзін адказ (па-беларуску ― Еўрарадыё). Калі б паступіла 80% пытанняў ці 90 па-беларуску, то, адпаведна, столькі было б і адказаў. І тады б мы ўкаранілі ў тым ліку і ў электронны ўрад у тым ліку і беларускую мову”.
Тым не менш, Калінін адзначыў, што ўрад пераходзіць на падрыхтоўку асобных нарматыўных дакументаў па-беларуску. Але пакуль, прызнае віцэ-прэм’ер, такіх дакументаў вельмі мала. “Гэта паступовае такое, эвалюцыйнае пытанне”, ― заўважыў Калінін.