Каля 8 тысяч беларускіх турыстаў не могуць вярнуцца з-за мяжы
За мяжой цяпер знаходзіцца каля 8000 беларускіх турыстаў, якія выязджалі па пуцёўках турфірмаў. Такую лічбу парталу TUT.by назвалі ў Міністэрстве спорту і турызму.
Больш за ўсіх беларускіх турыстаў — у Егіпце, але ёсць яны таксама ў Таіландзе, Індыі, Камбоджы і на Балі. Вярнуцца дадому турысты не могуць, бо расійскія авіякампаніі адмаўляюцца браць іх на борт. Гэтыя самалёты ляцяць у аэрапорт Унукава, адкуль няма рэйсаў у Беларусь. А пасля таго, як Расія зачыніла свае межы, падарожнічаць транзітам праз Маскву турысты могуць толькі ў рамках аднаго аэрапорта, не пакідаючы транзітную зону.
Па словах дырэктаркі Дэпартамента па турызме Ірыны Варановіч, Мінспорту накіравала 19 сакавіка ліст ва ўрад. Ведамства просіць вырашыць пытанне з транзітам беларускіх турыстаў праз аэрапорт Унукава на ўзроўні прэм'ер-міністраў Беларусі і Расіі.
Напярэдадні тураператар Anex Tour звяртаўся ў аператыўны штаб РФ з прапановай арганізаваць трансфер — аўтобус, які перавязе беларускіх турыстаў з Унукава ў аэрапорты Шарамеццева або Дамадзедава, адкуль ёсць рэйсы ў Мінск. Аднак віцэ-прэм'ер Расіі Таццяна Голікава адмовіла.
Цяпер разглядаюцца варыянты арганізаваць чартарны рэйс "Белавія" з Унукава ў Мінск або перавозіць беларускіх турыстаў у транзітныя аэрапорты на дыпламатычным транспарце беларускай амбасады.
Турыстаў з Егіпта, якіх там каля 6 тысяч, з 17 па 31 сакавіка будзе вывозіць авіякампанія "Белавія". Таксама беларускі перавозчык забярэ і расійскіх турыстаў, бо авіязносінаў паміж Егіптам і Расіяй няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.