"Камедыя", "Савецкі Саюз 2.0" — эканамісты пра загад Лукашэнкі спыніць цэны

Лукашэнка замахнуўся на тое, што не ўдалося Венесуэле і Турцыі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Лукашэнка замахнуўся на тое, што не ўдалося Венесуэле і Турцыі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

На нарадзе 6 кастрычніка Лукашэнка так абурыўся, што яму трэба "з поля ехаць прасіць газ-нафту і іншыя крэдыты, а потым бегчы ў краму і цэны кантраляваць", што ў той жа вечар выпусціў дырэктыву аб поўнай замарозцы цэн у Беларусі. Дзейнічае яна для ўсіх юрыдычных асоб і ІП. Калі гэта будзе працаваць на практыцы, то беларусаў чакаюць дэфіцыт тавараў, чорны рынак і масавае закрыццё бізнесаў.

Еўрарадыё даведалася ў эканамістаў, чаму так, як хоча Лукашэнка, не працуе і чаму яго жаданне, вартае таго, каб быць мемам, пагражае бядой беларусам.
 

"Камедыя, каб адцягнуць увагу ад важных рэчаў"

“Комедия”, “Советский Союз 2.0” — экономисты о приказе Лукашенко остановить цены
Абмяркоўвалі навіну нават па-за Беларуссю, праўда, часам забывалі, што правільна "Беларусь" / t.me/economylive

Гадавая інфляцыя ў Беларусі сапраўды дасягнула занадта вялікага ўзроўню — 17,9% па выніках жніўня. Хоць урад планаваў усяго 6% у 2022 годзе. Аднак пастанова Лукашэнкі настолькі нерэалістычная, што ён сам не можа гэтага не разумець, мяркуе старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.

— Думаю, гэта быў палітычны перфоманс, абсалютна свядомае разыгрыванне камедыі, каб адцягнуць увагу ад больш важных рэчаў. Такое ўжо ў гісторыі бывала, калі было "жэстачайшэ" загадана цэнам не расці, а яны ўсё роўна працягвалі расці.

Загадаць цэнам стаяць усё ж можна, адзначае эксперт па пытаннях рэформы дзяржаўнай службы, заснавальнік і кіраўнік праекта "Кошт урада" Уладзімір Кавалкін. Пытанне, што будзе пасля.

“Комедия”, “Советский Союз 2.0” — экономисты о приказе Лукашенко остановить цены
Расквітуць злачынныя схемы, на якіх заробяць сілавікі і рускія, лічыць Раманчук / pexels.com

Эканаміст Яраслаў Раманчук перакананы, што рашэнне спыніць цэны на руку хіба што сілавым структурам, кантрольным органам і набліжаным да ўлады. Дарэчы, адказнымі за выкананне даручэння Лукашэнка прызначыў Генпракуратуру, КДК, групу на чале з Качанавай, але не Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю або Нацбанк.

“Комедия”, “Советский Союз 2.0” — экономисты о приказе Лукашенко остановить цены
Чаму ў чэках беларусаў з'яўляюцца лічбы ўсё большыя, улады не хочуць абмяркоўваць / pexels.com

Пра прычыны росту цэн улады чамусьці не кажуць. У той час як рост цэн абумоўлены знешнімі і ўнутранымі фактарамі. Сярод знешніх прычын — рост цэн у свеце і слабенне беларускага рубля да расійскага, адзначае Дзмітрый Крук.

— Адны і тыя найменні тавараў — мяса, малако — сёння ў Расіі істотна даражэйшыя. Гэты цэнавы разрыў спрыяе росту цэн у Беларусі.

Праз дарагі расійскі рубель даражэе і імпарт з Расіі, а гэта асноўны гандлёвы партнёр Беларусі. Таксама растуць экспартныя цэны, калі пералічваць іх у беларускіх рублях. Гэта падштурхоўвае падвышаць і цэны ўнутры краіны, каб зраўняць іх з экспартнымі. Плюс растуць выдаткі прадпрыемстваў пры імпарце камплектуючых або праз рост кошту лагістыкі з іншых краін.

— Рост цэн прымушае павялічваць заработную плату. Добра, калі гэта можна зрабіць за кошт зніжэння прыбытку або іншых выдаткаў. Тады сапраўды можна абысціся без павелічэння цаны. Аднак часцей, калі няма магчымасці зніжаць выдаткі, рост заработнай платы прыводзіць да росту цэн, — дадае Уладзімір Кавалкін.

Яшчэ адна прычына — залішне мяккая манетарная палітыка. Дзе можна было знізіць інфляцыю, улады пайшлі іншай дарогай. Паміж падтрымкай прадпрыемстваў і стрымліваннем інфляцыі яны выбралі першае. У прыватнасці, выдаюцца новыя дырэктыўныя крэдыты, эканоміка напампоўваецца грашыма, што падганяе інфляцыю.

— Манетарная палітыка закліканая стрымліваць цэнавы ціск, а яна замест той, якая стрымлівае інфляцыю, адыгрывае ролю праінфляцыйнай, — рэзюмуе Дзмітрый Крук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі