Кампазітару Сяргею Картэсу споўнілася 80 год

Народнаму артысту Беларусі, кампазітару Сяргею Картэсу спаўняецца 80 год. Імя гэтага творцы вядомае як у нашай краіне, так і за яе межамі. Ён працуе ў розных музычных жанрах, але найбольш адметнымі сталі яго творы для тэатру — оперы, балет, музыка для спектакляў.

Сяргей Картэс нарадзіўся 18 лютага 1935 года ў Чылі, у сям’і чылійскага інжынэра і рускай эмігранткі. Любоўю да музыкі ён абавязаны сваёй бабулі, вядомай рускай спявачцы.

У 1947 годзе ён разам з маці прыехаў у СССР — месцам пражывання сям’і вызначылі Мінск. Тут Картэс скончыў музычную школу, кансерваторыю, аспірантуру і зрабіў кар’еру кампазітара.

Ён загадваў музычнай часткай Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатры, Беларускага тэатру імя Янкі Купалы, працаваў на кінастудыі “Беларусьфільм”, кіраваў Нацыянальным тэатрам оперы і балета.

Сяргей Картэс вядомы сваімі вакальнымі творамі, музыкай да такіх спектакляў, як “Што той салдат, што гэты” паводле Брэхта, “Раскіданае гняздо” паводле Купалы; яго музыка гучыць у кінафільмах “Чорны замак Альшанскі”, “Вазьму твой боль” ды інш.  

Таксама ён з’яўляецца аўтарам опер “Джардана Бруна”, “Матухна Кураж”, “Візіт дамы” і аднаактовак “Юбілей” і “Мядзведзь” — апошнія дзве цяпер ідуць на сцэне Нацыянальнага опернага тэатра.

Сярод іншых значных твораў маэстра — араторыя “Памяці паэта”, вакальна-сімфанічная паэма “Попел”, балет “Апошні інка”, паведамляе БЕЛТА.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі