Канапацкую не ўключылі ў групу, што будзе змяняць выбарчае заканадаўства
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая звярнулася ў Цэнтрвыбаркам з просьбай уключыць яе ў склад міжведамаснай экспертнай групы па разглядзе рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па пытаннях удасканалення выбарчага заканадаўства. Адпаведны ліст дэпутат накіравала старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай 16 студзеня. А ўжо 18 студзеня атрымала адказ на свой зварот.
Канапацкая: “Безумоўна, мяне не ўключылі ў склад групы. Мне адказалі, што ад Палаты прадстаўнікоў у складзе той групы і так ажно тры чалавекі, і гэта найбольшая колькасць прадстаўнікоў сярод усіх кампетэнтных дзяржаўных устаноў, там прадстаўленых. І таму, маўляў, дастаткова”.
На сёння ў складзе экспертнай групы па пытаннях удасканалення выбарчага заканадаўства 11 чалавек. Сярод іх — прадстаўнікі Цэнтрвыбаркама, Савета Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў, Міністэрства замежных спраў, Мінюста, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Вярхоўнага суда. Дзейны склад экспертнай групы быў сфармаваны месяц таму — 16 снежня 2016 года.