Касцёл не ведае, за што арыштаваны ксёндз Уладзіслаў Лазар
Часовы выканаўца абавязкаў прэс-сакратара Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі айцец Юрый Санько пацвердзіў факт арышту.
Нагадаем, у пятніцу, 26 ліпеня, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне ў Беларусі шпіёна-католіка, але падрабязнасці справы не агучыў. На наступны дзень з'явілася версія, што быў затрыманы ксёндз Уладзіслаў Лазар, пробашч парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве.
Вядома, што Лазар — грамадзянін Беларусі, вучыўся ў Гродзенскай семінарыі, пасля — у Польшчы.
"Мы ведаем пра гэты факт, але не маем дакладнай інфармацыі, за што ён затрыманы. Чакаем, калі з'явяцца на гэты конт афіцыйныя паведамленні", — цытуе словы Юрыя Санько Радыё Свабода. Паводле яго слоў, справай займаецца амбасада Ватыкану. Разважаць на тэму, ці звязана затрыманне ксяндза Уладзіслава Лазара з агучаным Аляксандрам Лукашэнкам шпіёнскім скандалам, часовы выканаўца абавязкаў прэс-сакратара Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі адмовіўся, паколькі няма афіцыйнай інфармацыі.
У КДБ інфармацыю пра затрыманне айца Лазара не пацвярджаюць і не абвяргаюць, паведамляе "Интерфакс-Запад".
Фота — Catholic.by