Казлоў — пра пазбаўленне звання: дробная помста тым, хто мае прынцыповую пазіцыю
Пазбаўленне званняў — гэта беспрэцэдэнтная з'ява. Так ахарактарызаваў яе лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў у каментары Радыё "Свабода".
Казлоў — падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы. У адстаўку ён сышоў пасля таго, як у 2008 годзе выкрыў на выбарах фальсіфікацыі з боку выбарчай камісіі. У траўні 2021-га яго прозвішча трапіла ў лік 87 экс-сілавікоў, якіх Аляксандр Лукашэнка пазбавіў званняў.
"Я не прыгадваю, каб раней пазбаўлялі званняў, гэта беспрэцэдэнтна. Ведаю, што можна пазбавіць звання за цяжкае злачынства. Але не прыгадваю такіх выпадкаў", — кажа экс-міліцыянт. Ён адзначае, што гэты ўказ мае безумоўна палітычны характар.
У Казлова 24 гады выслугі, ён быў старэйшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах. Пасля пазбаўлення звання яму скароцяць пенсію. Але экс-падпалкоўнік бачыць у гэтым і пазітыўны момант: "Гэта, з аднаго боку, сумна. З другога боку, прайшла мяжа паміж мной і Карпянковым, Кубраковым, Караевым і іншымі людзьмі, якія разам з галоўнакамандуючым апрануць мундзіры на 9 траўня. Яны, значыць, афіцэры. Тыя, хто забяспечвае ўсе гэтыя рэпрэсіі. Тое, што паміж намі мяжа — гэта нават добра".
Дарэчы, Казлоў не адзіны, каго пазбавілі звання праз шмат гадоў пасля сыходу ў адстаўку. Вельмі даўно не служаць Сяргей Аніська і Валерый Костка, некалькі гадоў жыве ў Германіі адстаўнік Уладзімір Барадач. У тым, што даўніх адстаўнікоў пазбавілі званняў, Казлоў бачыць дзве мэты, якія спрабуе дасягнуць улада: "Па-першае, гэта дробная помста тым людзям, якія знайшлі ў сябе сілы заняць прынцыповую пазіцыю. Па-другое, гэта акт застрашвання тых, хто хацеў бы сысці, каму цяжка заставацца ў шэрагах рэпрэсіўнай арганізацыі. Супрацоўнік жа міліцыі выдатна ведае, як і што робіцца, як ладзяцца рэпрэсіі. А калі ён прыходзіць са службы дадому, ён адчувае, як да яго ставяцца яго сямʼя, сябры, знаёмыя, суседзі. І яму не хочацца быць садыстам, карнікам".
На думку Казлова, улады такім чынам паказваюць міліцыянтам, што будуць сачыць за імі нават пасля адстаўкі і пры неабходнасці пакараюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.