КДБ заявіў пра затрыманне службовых асобаў МТЗ, МАЗа, БелАЗа і "Гомсельмаша"
Камітэт дзяржаўнай бяспекі паведамляе пра затрыманне службовых асобаў ААТ "МТЗ", ААТ "МАЗ", ААТ "БелАЗ", ААТ "Гомсельмаш" за супрацьпраўную дзейнасць.
Паведамляецца, што прадстаўнікі кіраўніцтва гэтых заводаў і работнікі прадпрыемстваў бралі хабар ад камерцыйных структураў, каб прасоўваць іх прадукцыю. З 2013 года яны атрымалі не менш за 200 тысяч долараў ЗША за прыёмку сыравіны і камплектуючых з элементамі браку, выдачу фіктыўных заключэнняў па якасці, перадачу звестак аб перспектыўных распрацоўках.
Так, з 5 па 7 снежня 2016 года былі затрыманыя чатыры супрацоўнікі Мінскага трактарнага завода, Мінскага аўтазавода і "БелАЗа" з доказамі злачынстваў. Іх затрымалі пры атрыманні хабару на суму больш за 7500 рублёў. Сярод затрыманых апынулася фінансавы дырэктар — намесніца гендырэктара МТЗ Ніна Прымшыц.
Акрамя таго, на МТЗ затрымалі яшчэ чатырох супрацоўнікаў канструктарскіх і планава-эканамічных падраздзяленняў за атрыманы раней хабар у памеры каля 40 000 рублёў.
На затрыманых пачалі крымінальныя справы за атрыманне хабару і прыняцце незаконнага ўзнагароджання. Іх узялі пад варту.
Следчыя працягваюць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і следчыя дзеянні.