Кіеў зноў падымае пытанне аб пастаўках баявых самалётаў — 349-я раніца вайны
Пытанне аб пастаўках баявых самалётаў Кіеў хоча падняць на Мюнхенскай канферэнцыі / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua
Расійскія крыніцы сцвярджаюць, што штурмавыя атрады вайсковай кампаніі "Вагнер" у Бахмуце "вядуць наступ па ўсёй лініі фронту. Занятыя некалькі кварталаў ва ўсходніх і паўднёвых частках горада". На поўдзень ад Бахмута атрады "вагнераўцаў" вядуць баі на подступах да Краснага і трасы Канстанцінаўка-Бахмут. Поспех на гэтым флангу дазволіць "фактычна замкнуць кальцо аператыўнага акружэння", кажа расійская крыніца. Акрамя таго, па яе словах, расіяне развіваюць наступ і на Купянскім участку — перадавыя падраздзяленні з баямі выйшлі да Сінькоўцы. Прасоўваюцца расіяне і на Ліманскім участку, сцвярджае гэтая крыніца.
У Генштабе УСУ адзначаюць толькі, што за мінулыя суткі сілы абароны адбілі атакі ў раёне Бахмута, а таксама ў раёнах населеных пунктаў Верхнекаменскае, Вясёлае, Залізнянскае, Красная гара, Іванаўскае і Параскавіеўка Данецкай вобласці, а таксама Навасёлаўскае, Крэменная і Дзіброва Луганскай вобласці. "Праціўнік працягвае перагрупавацца ў асобных напрамках. Асноўныя намаганні накіраваныя на правядзенне наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім кірунках", — традыцыйна суха апісваюць сітуацыю ўкраінскія вайскоўцы.
Расійскія войскі рыхтуюцца пачаць буйнамаштабнае рашучае наступленне на ўсходзе Украіны ў сярэдзіне-канцы лютага, цытуюць прадстаўнікоў украінскіх уладаў у Інстытуце вывучэння вайны (ISW). Пра гэта, у прыватнасці, на днях казаў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў. Паводле яго слоў, у Кіеве чакаюць, што Расія пачне свой рашучы наступ прыкладна 24 лютага — да першай гадавінай поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Пры гэтым Рэзнікаў удакладніў, што ўкраінскія вайскоўцы не назіраюць фармавання расійскіх наступальных груповак на Харкаўскім і Чарнігаўскім кірунках, а таксама ў Беларусі. Удар будзе сканцэнтраваны на усходзе краіны — у Данецкай і Луганскай абласцях.
Пры гэтым частка расійскіх вайсковых блогераў даволі скептычна ацэньвае здольнасці Расіі пачаць паспяховы наступ у канцы лютага, адзначаюць у ISW. Такія ацэнкі "падкрэсліваюць, што расійскае ваеннае камандаванне, падобна, спяшаецца пачаць рашучы наступ". Гэтая спешка, магчыма, звязаная з жаданнем паспець да прыбыцця заходняй вайсковай дапамогі Украіне і пачаткам вясновай бездаражы, якая перашкодзіла "правядзенню расійскіх механізаваных манеўраў вясной 2022 года", нагадваюць у Інстытуце.
Тым часам Уладзімір Зяленскі мае намер прызначыць ў прыгранічных і прыфрантавых рэгіёнах кіраўнікоў з ваенным вопытам. Пра гэта ён распавёў у вячэрнім відэазвароце па выніках пасяджэння Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага. На ўчорашнім пасяджэнні Стаўкі абмяркоўвалі сітуацыю на Бахмуцкім кірунку.
На Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая запланавана на 17-19 лютага, Украіна падыме пытанне аб пастаўках дальнабойных ракет і баявых самалётаў. Пра гэта заявіў украінскі міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба ў эфіры нацыянальнага тэлемарафона. "Менавіта самалёты з'яўляюцца апошнім тыпам зброі, які трэба разблакаваць, усе астатнія пазіцыі мы за мінулы год адкрылі каманднымі намаганнямі", — прыводзіць словы Кулебы Hromadske. Таксама ўкраінская дэлегацыя мае намер падняць пытанне аб членстве Украіны ў NATO і будучыні Расіі.
Пра небяспеку далейшай эскалацыі вайны казаў напярэдадні генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрэш. Паводле яго слоў, надзеі на мір знікаюць, а замест гэтага свет "апускаецца ў вайну з шырока адкрытымі вачыма". Ён таксама нагадаў аб так званым "гадзінніку Суднага дня" — цыферблаце, які стварылі ў 1947 годзе навукоўцы-ядзершчыкі. Ён паказвае сімвалічны час, які аддзяляе чалавецтва ад дня глабальнай катастрофы. Зараз гадзіннік паказвае, што да катастрофы "паўтары хвіліны". Нават у гады Халоднай вайны стрэлка не была так блізка да кропкі незвароту.
"Нам трэба пакласці канец пагрозе, якую складаюць 13 000 адзінак ядзернай зброі, якія захоўваюцца ў арсеналах ва ўсім свеце", — заявіў Гутэрэш.
Уладзіміра Зяленскага чакаюць у Еўрапарламенце, калі ён зможа прыехаць у Брусэль для ўдзелу ў саміце ЕС у чацвер, 9 лютага. Аб гэтым піша Associated Press са спасылкай на дзве ананімныя крыніцы. Пасля пачатку вайны Зяленскі выступаў на самітах Еўрасаюза толькі праз відэазванкі. А кіраўнікі ЕС і краін-членаў Еўрасаюза асабіста прыязджалі ва Украіну, каб падтрымаць Кіеў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.