Кіеўскі суд адмовіўся арыштоўваць Міхаіла Саакашвілі

Кіеўскі суд адмовіўся арыштоўваць Міхаіла Саакашвілі

Увечары 11 снежня Пячэрскі раённы суд Кіева адмовіўся арыштоўваць Міхаіла Саакашвілі. Пракуратура патрабавала для апазіцыйнага палітыка два месяцы кругласуткавага хатняга арышту. Аднак суддзя Ларыса Цокул пакінула Саакашвілі на волі. “Вельмі мужная суддзя, — цытуе словы палітыка hromadske.ua. — Я ведаю, што на яе цяпер будуць “наязджаць”. Але яна малайчына, усё правільна зрабіла, усё паводле закону. Спачатку яны пабачылі вялізную колькасць людзей на вуліцы, а сёння суддзя не выканала іх дакладныя ўказанні. Значыць, ва Украіне яшчэ не ўсё страчана”.

Як паведамляла Еўрарадыё, сёння ў судзе Міхаіл Саакашвілі назваў сябе ваеннапалонным. Ён заявіў, што ўлады Украіны спрабуюць яго ізаляваць,  адлучыць ад палітычнай дзейнасці. Як вядома, Саакашвілі, былы прэзідэнт Грузіі і экс-кіраўнік адміністрацыі Адэскай вобласці, стаў ва Украіне вядомым апазіцыйным дзеячом, здольным збіраць шматлікія вулічныя акцыі пратэсту. У тым ліку і з патрабаваннем імпічменту прэзідэнту Пятру Парашэнку.

Пасля першай няўдалай спробы арышту Саакашвілі (5 снежня ў праваахоўнікаў яго адбілі прыхільнікі), яго ўдалося схапіць 8 снежня. Палітык апынуўся ў ізалятары часовага ўтрымання СБУ, дзе аб’явіў галадоўку. Пракуратура прапанавала яго адправіць пад хатні арышт, але не знайшла падтрымкі ў суда. Міхаіла Саакашвілі абвінавачваюць у садзейнічанні нейкай злачыннай арганізацыі і атрыманні грошай з Расіі ад збеглага алігарха Сяргея Курчанкі. Нібыта, з іх дапамогай і арганізоўваюцца акцыі пратэсту. Саакашвілі гэтыя абвінавачанні абвяргае. Праваахоўнікі сцвярджаюць, што маюць доказы — запісы тэлефонных размоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі