Кіраўнік Брэсцкага гарвыканкама — за перайменаванне вуліцы Халтурына

Будзённы, Мянжынскі, Куйбышаў, Арджанікідзэ, Халтурын — прозвішчы, якія можна пабачыць на шыльдах з назвамі вуліц у горадзе над Бугам. Што праўда, пералічаныя асобы не маюць ніякага дачынення як да Брэста, так і ўвогуле да Беларусі. Гэта спадчына яшчэ савецкага перайменавання вуліц.

Асабліва супярэчлівая рэпутацыя у Сцяпана Халтурына — расійскага рэвалюцыянера, які ў 1880 годзе здзейсніў тэрарыстычны акт у Зімовым палацы з мэтай забіць Аляксандра ІІ. Расійскі цар тады не пацярпеў, аднак замест яго ад выбуху загінулі 11 салдат.

У савецкія часы Сцяпан Халтурын быў уведзены ў пантэон найбольш шанаваных дзеячаў рэвалюцыйнага руху. У Беларусі ў яго гонар названыя вуліцы ў трох гарадах (апроч Брэста — ў Мінску і Рагачове). Таксама імя рэвалюцыянера ўвекавечана ў назве мэблевай фабрыкі ў Бабруйску.

“У нашым уяўленні Халтурын — гэта самая адыёзная асоба з ліку тых расійскіх рэвалюцыйных дзеячаў, у гонар якіх названыя вуліцы нашага Брэста. Таму менавіта вуліца Халтурына была абраная для таго, каб правесці такую акцыю па прыцягненню ўвагі грамадскасці да назваў брэсцкіх вуліц”, — распавядае Еўрарадыё кіраўнік грамадскай арганізацыі “Дзедзіч” Зміцер Шыманскі. Актывісты яшчэ ў 2009 годзе пачалі збор подпісаў за перайменаванне Халтурына, але кампанія не прынесла пажаданых вынікаў.

Нечаканы працяг гісторыя з перайменаваннем атрымала сёлета. У нядаўнім інтэрв’ю газеце “Вечерний Брест” кіраўнік Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук выказаў згоду з тым, што ў свой час некаторым вуліцам прысвойвалі назвы без уліку іх сугучнасці з гісторыяй горада. Да ўсяго, ён таксама называе асобу Халтурына адыёзнай.

Рагачук: “Асабіста ў мяне ёсць намер прапанаваць перайменаваць адну вуліцу ў цэнтральнай частцы Брэста — вуліцу Халтурына. Занадта, мякка кажучы, адыёзная асоба. Скажу адразу, я супраць таго, каб прысвоіць ёй імя іншага чалавека, нават самага заслужанага. Тут неабходна нейтральная мілагучная назва. Напрыклад, Шчаслівая”.

Назва Шчаслівая, па задуме, мусіць сімвалізаваць сямейнае шчасце брэстаўчан. Менавіта тут знаходзіцца Брэсцкі абласны радзільны дом (на здымку).

Дарэчы, актывісты “Дзедзіча” у свой час прапанавалі не проста перайменаваць Халтурына ў нешта "нейтральнае і мілагучнае". Подпісы збіраліся за ўшанаванне памяці пісьменніка Васіля Быкава.

Шыманскі: “Мы прапанавалі перайменаваць вуліцу Халтурына ў вуліцу Васіля Быкава. Дарэчы, самі жыхары Халтурына вельмі актыўна падпісваліся за гэта. На жаль, гарадскія ўлады адмовілі нам тады ў нашай прапанове. У адказе было пазначана, што іменем Васіля Быкава будзе названая адна з новых вуліц горада Брэста. Вось прайшло з таго часу больш за 5 гадоў — імя Васіля Быкава ў нашым горадзе пакуль не ўшанаванае”.

Калі ў Брэсце зменяцца шыльды з іменем Халтурына і ці зменяцца ўвогуле, пакуль не вядома. У згаданым інтэрв’ю Аляксандр Рагачук не называе нават прыкладных тэрмінаў рэалізацыі сваёй прапановы.

Фота: Еўрарадыё і vb.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі