Кіраўнік МУС выказаўся пра супрацьстаянне ў Курапатах

Кіраўнік МУС выказаўся пра супрацьстаянне ў Курапатах

Міністр унутраных спраў лічыць, што каля Курапатаў ідзе законнае будаўніцтва, а пэўная група людзей хоча гэтаму будаўніцтву перашкодзіць. Такое меркаванне Ігар Шуневіч выказаў на прэс-канферэнцыі 28 лютага. 

"Я ведаю, што існуе праблема. З аднаго боку, там ідзе легальнае, абсалютна законнае будаўніцтва. З другога боку, існуе меркаванне пэўнай групы, што будаўніцтва там быць не павінна. МУС менш за ўсё хацела б выступаць трацейскім суддзёй у гэтым пытанні", — цытуе tut.by словы міністра. 

Шуневіч заявіў, што яго ведамства будзе дзейнічаць, калі будзе прынятае рашэнне аб працягу будаўніцтва: "Будзем выконваць закон, алгарытм нашых дзеянняў вядомы. Хацелася б меншага градуса вастрыні".

Па словах міністра, адказ наконт магчымасці далейшага будаўніцтва павінны даць кампетэтэнтыя спецыялісты. Ён прапанаваў вырашыць усё праз дыялог. "Адны начуюць, другія іх разганяюць, трэція будуюць, а міліцыя павінна на ўсё гэта рэагаваць. Хацелася б, каб усё вырашылася цывілізавана", — выказаў надзею Шуневіч.

Як паведамлялася раней, ужо тыдзень каля Курапатаў ідзе вахта грамадзянскіх актывістаў, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва там бізнэс-цэнтра. Мясцовыя жыхары сабралі больш за тысячу подпісаў супраць узвядзення новага будынка ў гэтым раёне. Будоўлю часова прыпынілі. 1 сакавіка абаронцы Курапатаў ідуць на прыём да старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Шорца

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі