Кіраўнік УПЦ: У Пуціна ўсяліўся д’ябал
Патрыярх Кіеўскі і ўсяе Русі-Украіны Філарэт назваў расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна “новым Каінам”.
“З вялікім шкадаваннем павінен цяпер сказаць галосна, што сярод уладароў гэтага свету, якія па факце хрышчэння адносяцца да Праваслаўнай Царквы, з’явіўся сапраўдны новы Каін — не па імені, але па справах. Справы гэтыя сведчаць, што памянёны ўладар, як і першы ў гісторыі братазабойца Каін, трапіў пад дзеянне сатаны”, — сказана ў заяве Філарэта, якая размешчаная на афіцыйным сайце УПЦ.
Філарэт абвінаваціў Пуціна ў двух вялікіх грахах — забойстве і хлусні, а таксама падкрэсліў, што “начальнікам і натхняльнікам абодвух з’яўляецца д’ябал”.
“Менавіта па ягонай волі сродкі масавай інфармацыі ачоленай ім краіны ўдзень і ўначы на многіх мовах свету распаўсюджваюць цынічную хлусню аб Украіне, сеюць варожасць супраць украінскага народу, супраць нашага памкнення быць незалежнымі і будаваць уласную суверэнную дзяржаву, правакуюць кровапраліцце і забойствы ў Данбасе. Сам ён кажа шчырую і яўную хлусню: арганізуючы і дасылаючы ў нашу краіну забойцаў-наймітаў — кажа пра “ўнутраны канфлікт”, да якога ён нібыта не мае дачынення; накіроўваючы ва Украіну падначаленыя яму войскі — паўсюль публічна заяўляе, што гэтых войскаў няма”, — заяўляе кіраўнік украінскай праваслаўнай царквы.
На думку Філарэта, менавіта на расійскім прэзідэнце ляжыць найбольшая віна за гібель людзей на ўсходзе Украіны.
“У ягонай волі і ўладзе — неадкладна спыніць смерць і кровапраліцце, але ён дзеля пыхі сваёй працягвае памнажаць зло. Ён называе сябе братам украінскага народу, але насамрэч ён па справах сваіх сапраўды стаў новым Каінам, праліваючы братэрскую кроў і хлуснёй аплятаючы ўвесь свет”, — цытуе заяву Філарэта УНІАН.