Кіраўніком урада Шатландыі абраны прыхільнік незалежнасці
Джон Суіні
Кіраўніком урада Шатландыі абраны прыхільнік незалежнасці Джон Суіні. Ён выступае за паступовы, без рэзкіх рухаў, выхад з Вялікабрытаніі, паведамляе "Бі-Бі-Сі".
60-гадовы Суіні — новы лідар Шатландскай нацыянальнай партыі. Папярэдні першы міністр і лідар гэтай партыі Хамза Юсуф на мінулым тыдні падаў у адстаўку пасля развалу ўрадавай кааліцыі з зялёнымі. Такім чынам Суіні ўзначаліць урад меншасці і для прыняцця рашэнняў будзе вымушаны спадзявацца на падтрымку апазіцыі. Для атрымання большасці яго партыі не хапае 2 мандатаў. Як чакаецца, Джон Суіні будзе афіцыйна прыведзены да прысягі ў сераду.
Суіні кіраваў Шатландскай нацыянальнай партыяй у пачатку 2000-х, калі яна была ў апазіцыі, быў дэпутатам розных узроўняў. З 2007-га, калі яго партыя прыйшла да ўлады, займаў пасады ва ўрадзе (у тым ліку віцэ-прэм'ера).
Праграмная мэта Шатландскай нацыянальнай партыі — незалежнасць Шатландыі. Але сярод партыйных лідараў існуюць розныя ўяўленні аб тым, як менавіта да гэтай мэты ісці. Джон Суіні належыць да лагера прыхільнікаў паступовага руху да незалежнасці — праз пашырэнне аўтаноміі Шатландыі ў рамках Злучанага Каралеўства.
У 2014-м на рэферэндуме прыхільнікі незалежнасці прайгралі з розніцай каля 10%. Пасля брэксіта яны паспрабавалі зноў арганізаваць рэферэндум, але Лондан на гэта не даў згоды. Апытанні паказвалі, што грамадства Шатландыі расколатае па гэтым пытанні амаль роўна напалову. Але сітуацыя з часам можа змяніцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.