Кірыл Жываловіч: Высоцкі будзе звольнены з "БелГазеты" за сабатаж

Кірыл Жываловіч, фота: belsat.eu
Кірыл Жываловіч, фота: belsat.eu

Выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара "БелГазеты" Кірыл Жываловіч даў інтэрв'ю Еўрарадыё. Ён распавёў, чаму Ігар Высоцкі, які выпускаў газету 24 гады, "не сышоў, а будзе звольнены", як атрымалася выпусціць апошні нумар, хто са старых аўтараў працягвае працаваць і на якую зарплату могуць разлічваць новыя супрацоўнікі.

Кірыл Жываловіч: Высоцкі паставіў пад пагрозу выпуск сённяшняга нумара. У суботу ў 15:00 мне стала вядома, што ён не мае намеру над ім працаваць. Сёння на вашым сайце з'явілася інфармацыя пра тое, што ён сышоў з рэдакцыі. Дык вось, ён не сышоў, а будзе звольнены за сабатаж па артыкуле Працоўнага кодэкса з усімі вынікаючымі для яго наступствамі.

Еўрарадыё: Ён неяк патлумачыў свой сыход?

Кірыл Жываловіч: Не, я ад яго ніякай інфармацыі не атрымаў.

Еўрарадыё: Ці праўда, што Высоцкаму прапанавалі зарплату ў трыста рублёў?

Кірыл Жываловіч: Наколькі я ведаю, ад Высоцкага на імя дырэктара паступаў ліст, дзе ён звярнуўся да дырэктара з просьбай выканаць два патрабаванні: першае — перагледзець памер яго акладу, другое — спыніць выплату яму грошай, якія ён атрымліваў на арэнду аўтамабіля. Дык вось роўна на пяцьдзесят працэнтаў гэтая просьба была выкананая. На арэнду аўтамабіля яму грошы больш не выплачваліся. Просьбу па акладзе яму прапанавалі разгледзець крыху пазней, калі будзе дазваляць фінансавае становішча газеты.

Еўрарадыё: Сёння экс-дырэктар "БелГазеты" Андрэй Бандарэнка распавёў, што большая частка пастаянных супрацоўнікаў і аўтараў больш не працуе. Як атрымалася выпусціць нумар?

Кірыл Жываловіч: Я б увогуле вас папрасіў быць асцярожнымi з тытуламі і рэгаліямі праваабаронцы, які дае вам каментарыі. Вы, наогул, з чаго вырашылі, што ён экс-дырэктар "БелГазеты"? У адпаведнасці з рашэннем эканамічнага суда горада Мінска, якое было агучанае ўчора, гэты чалавек быў прызначаны на пасаду дырэктара незаконна. Яму, між іншым, прыйдзецца адказваць за гэта ў адпаведнасці з КК Рэспублікі Беларусь. Я магу вам сказаць, хто ён такі. Гэта аферыст, махляр і прайдзісвет. Я за кожнае слова адкажу. Бандарэнка не мае, ніколі не меў і не будзе ніколі мець дачынення да "БелГазеты".

Над нумарам працавалі дзеючыя супрацоўнікі "БелГазеты" і нашы пастаянныя аўтары, узровень якіх дазваляе не толькі захоўваць планку нашага выдання, але і браць новыя вышыні.

Кирилл Живолович: Высоцкий будет уволен из "БелГазеты" за саботаж
Фота: Раман Пратасевіч

"Глеб Жыўлоў і Павел Спатыковіч — гэта я"

Еўрарадыё: Ці можаце пералічыць імёны аўтараў, якія працягваюць працаваць?

Кірыл Жываловіч: Алесь Кіркевіч, Марына Гуляева піша ў "Белгазету" з таго ўзросту, калі вы нарадзіліся, я думаю, Дзмітрый Дрыгайла — аўтарытэтны журналіст, які працуе з таго ж часу, Юрый Дубіна працуе ў "БелГазеце" з канца 90-х, Дзяніс Лаўнікевіч — прыкладна з таго ж перыяду часу.

Еўрарадыё: Хто такія Глеб Жыўлоў і Павел Спатыковіч (у свежым нумары пад іх аўтарствам апублікаваныя матэрыялы ў рубрыцы "Тэма тыдня")?

Кірыл Жываловіч: Глеб Жыўлоў — гэта псеўданім аднаго аўтара, які з'яўляецца аўтарам "БелГазеты" пятнаццаць гадоў. Калі вы пагартаеце падшыўкі газет сярэдзіны 2015 года, вы ўбачыце, што Глеб Жыўлоў — гэта стары аўтар "БелГазеты". Калі вы падніміце падшыўкі за нулявыя гады, то ўбачыце там матэрыялы ў велізарнай колькасці пад аўтарствам Кірыла Спатыковіча. Глеб Жыўлоў і Кірыл Спатыковіч — тыя імёны, якія існавалі на старонках "БелГазеты" ужо шмат гадоў таму.

Еўрарадыё: Гэта выпадкам не вы? Вы можаце распавесці, пад якімі псеўданімамі пішаце?

Кірыл Жываловіч: Магу, але не лічу гэта патрэбным. Хаця... каб ніхто не казаў, як сёння ў вашай жа публікацыі Андрэй Бандарэнка, што семдзесят адсоткаў матэрыялаў напісана мной (вы што, жартуеце?), Глеб Жыўлоў і Кірыл Спатыковіч — гэта і ёсць Кірыл Жываловіч. Так, гэта я, гэта так.

Еўрарадыё: Як вы цяпер можаце ацаніць становішча "БелГазеты"? Калісьці яна знаходзілася на піку славы, можна было зайсці ў вагон метро і ўбачыць яе ў руках у многіх пасажыраў...

Кірыл Жываловіч: Давайце, каб гэта не выглядала занадта самаўпэўнена, вы атрымаеце адказ на гэтае пытанне праз тры месяцы. Па фінансавым становішчы ў нас ёсць складанасці, але запазычанасцяў перад асноўнымі нашымі партнёрамі — пастаўшчыкамі паперы і друкарняй — у нас няма. У бліжэйшы час мы маем намер закрыць усе запазычанасці па аўтарах, якія былі яшчэ на пачатак года, у часы, як вы кажаце, дырэктара "БелГазеты" Бандарэнкі.

Еўрарадыё: Вы шукаеце новых журналістаў?

Кірыл Жываловіч: Вядома. Калі вы валодаеце пачуццём гумару, рэальнай ацэнкай таго, што адбываецца, цвярозасцю мыслення, мы будзем толькі рады.

Еўрарадыё: У вас высокая зарплата?

Кірыл Жываловіч: Гэта залежыць ад уменняў — ад нуля да плюс бясконцасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі