Клімаў: Падрыхтоўка да здачы Чыжа ў якасці ахвяры ішла даўно

Клімаў: Падрыхтоўка да здачы Чыжа ў якасці ахвяры ішла даўно
Даведка Еўрарадыё: Андрэй Клімаў — бізнэсмен, палітык. У сярэдзіне 1990-х гадоў мінулага стагоддзя ўваходзіў у пяцёрку самых буйных беларускіх прадпрымальнікаў, узначальваў акцыянернае таварыства “Андрэй Клімаў і Ко”, якое займалася будаўніцтвам, выконвала буйныя дзяржзаказы, мела свой банк і газету. Дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання. У 2000 годзе быў асуджаны на 6 гадоў зняволення па абвінавачванні ў “крадзяжы ў асабліва буйным памеры”, “выманьванні крэдытаў і датацый”, але вызвалены датэрмінова ў 2002 годзе. У 2005 годзе асуджаны на 1 год абмежавання волі за “арганізацыю масавых беспарадкаў”, у 2007 годзе — на два гады калоніі строгага рэжыму за “заклікі да звяржэння дзяржаўнага ладу”.

 

Еўрарадыё: Па інфармацыі КДБ, уладальніка “Трайпла” Юрыя Чыжа затрымалі па падазрэнні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Але чаму чалавеку, вельмі блізкаму да кіраўніка Беларусі, было проста не сказаць: “Мы ведаем, што ты робіш — сплаці ўсё і перастань займацца глупствам” замест таго, каб кідаць яго за краты і ўздымаць такі шум?

Андрэй Клімаў: Я ведаю Чыжа з 1993 года: у нас побач былі будоўлі, і мы дапамагалі яго фірме. Сумняваюся, што такі чалавек, які здабыў свой капітал потам і крывёю і шмат чым быў абавязаны асабіста Лукашэнку, рызыкнуў бы пад носам у самога прэзідэнта круціць нейкія махінацыі. У тым ліку, з дзяржаўнымі сродкамі. Гэта выключана.

Тым не менш, сапраўды, ва ўсёй гэтай сітуацыі з Чыжом ёсць супярэчнасць. Аўтарытарныя кіраўнікі сябрамі не раскідваюцца. Больш за тое, яны і трымаюцца на “блізкім атачэнні” — ім даюць і грошы, і прывілеі, а яны плацяць вернасцю. Тут дзейнічае прынцып: “Сябрам — усё, ворагам — закон”. Таму ў затрыманні Чыжа я і бачу супярэчнасць — да сяброў не можа прымяняцца закон. Але тут можа быць іншае. Узнікае пытанне: чаму чалавек, які быў душой кампаніі прэзідэнта, чалавек, у якім прэзідэнт меў патрэбу, апынуўся за каратамі? І тут я прыгадаў падзеі, звязаныя са студзеньскімі “жыроўкамі”. Тады кіраўнік краіны сказаў адзець у кайданы тых, хто ў гэтым вінаваты.

Еўрарадыё: А гэта тут пры чым?

Андрэй Клімаў: Што такое “студзеньскія жыроўкі”? Лічбы ў жыроўках рыхтавалі глебу да народнага бунту. Прэзідэнт гэта своечасова адчуў — ён не хацеў рэвалюцыі, да якой вялі дзеянні міністра ЖКГ пад заступніцтвам ураду і пагасіў гэта…

Еўрарадыё: Прабачце, але ж не Чыж “жыроўкі” распісвае!

Андрэй Клімаў: Безумоўна. Але прэзідэнт даручыў арыштаваць вінаватых. І я падазраю, што ў адказ старшыня Дзяржкантролю перадае яму спіс вінаватых. Хто ў тым спісе? Першымі там ідуць міністр ЖКГ і ўвесь урад, якія пралічылі, узгаднілі і выдалі людзям гэтыя “жыроўкі”, спрабуючы такім чынам заткнуць усе свае недапрацоўкі ў фарміраванні даходнай часткі бюджэту. У выніку перад прэзідэнтам дылема: прыбіраць звяно ў вертыкалі, што небяспечна, бо калі не паспець пустое месца замяніць новым звяном, то і ўся вертыкаль улады разбурыцца, альбо шукаць іншую ахвяру. І вось якая ахвяра — самы верны сябра прэзідэнта, з якім ён разам і кавуны вырошчваў, і бульбу выбіраў, і на Алімпіяду ездзіў, і ў хакей гуляў. Якая выснова? Дзеля таго, каб чыноўнікі не разбегліся, кіраўнік краіны ахвяруе лепшым сябрам. А ўсё з-за таго, што на кану стаіць давер электарату. Яго трэба вяртаць. Натуральна, больш справядліва было б, калі б за жыроўкі ў суд пайшлі міністры і ўрад, але менавіта на іх у гэты складаны час абапіраецца Лукашэнка. Дылема. Давялося ахвяраваць сябрам.

Юрый Чыж

Еўрарадыё: Толькі на ваш погляд “ахвяра”, падаткі тут ні пры чым?

Андрэй Клімаў: Мяркую, яшчэ напярэдадні выбараў 2015 года ў атачэнні прэзідэнта думалі: каго электарату падкінуць у якасці “ахвяры”? Абмежаваліся не самым блізкім да прэзідэнта чалавекам, але таксама яго любімцам — Аляксандрам Мураўёвым. Таксама фаварытам, які карыстаўся вялікімі прывілеямі. Мне смешна чуць, калі пра такіх блізкіх да прэзідэнта людзей, кажуць: “Відаць, правараваўся!” Ды за гэтымі людзьмі сачылі так, як за апазіцыянерамі не сочаць! Бо яны да прэзідэнта вельмі блізкія, і калі яны нанясуць яму шкоду, то яна будзе большая, чым ад усіх апазіцыянераў разам за ўсе гады іх дзейнасці! І таму я лічу, што падрыхтоўка да здачы Чыжа ў якасці ахвяры ішла даўно, але вырашылі зрабіць гэта пасля выбараў. Тут яшчэ ролю адыграла зняцце санкцый з Чыжа. Раней ён быў “сябрам па няшчасці”, а пасля зняцця санкцый ён стаў не такім каштоўным. І гэта магло стаць апошнім аргументам на карысць таго, каб не міністр ЖКГ сеў, а Чыж. Вось, і ўвесь расклад.

Еўрарадыё: Як адна з версій: Чыжа са сваёй дарогі прыбралі так званыя “маладыя алігархі”…

Андрэй Клімаў: Няма ў нас ніякіх алігархаў, і Чыж не алігарх, а жабрак! Гэта словы прэзідэнта. І гэта праўда. Няўжо вы думаеце, што Павел Тапузідзіс, уладальнік “Табак-інвеста”, пад носам у нашага прэзідэнта проста так мог стаць мільярдэрам? Дзе вы бачылі, каб у Беларусі прыватнік стаў манапалістам па продажы цыгарэт? Ці другі манапаліст: “Санта-брэмар” — Машанскі. Вы што, думаеце, што ўлада дазволіла б з’яўленне ў нас манапаліста-прадпрымальніка? Усе гэтыя манапольныя магчымасці даюцца для таго, каб яны здзяйснялі сацыяльныя і культурныя праекты, якія курыруе асабіста прэзідэнт. Да прыкладу, будаўніцтва лядовых палацаў, стадыёнаў…

Еўрарадыё: Кажуць, што затрыманне Чыжа — сігнал усім больш-менш буйным бізнэсменам Беларусі. Гэта сігнал і калі так, то які?

Андрэй Клімаў: Усе больш-менш сур’ёзныя прадпрымальнікі даўно пад кантролем. І прычына затрымання — акт адчаю прэзідэнта, які дзеля захавання вертыкалі ўлады чыноўнікаў вымушаны ісці на такія дзеянні.

Еўрарадыё: Не будзем казаць пра ўсю эканоміку: што чакае бізнэс Чыжа?

Андрэй Клімаў: Усё залежыць ад прэзідэнта: калі яны захочуць разбурыць бізнэс Чыжа — разбураць. Не захочуць — усё будзе функцыянаваць. Бізнэс Чыжа не выпадкова фінансаваў сацыяльна значныя аб’екты — ён быў прыбытковым. І ён можа існаваць аўтаномна. Калі ўлады не закрыюць рахункі, не абкладуць празмернай падатковай данінай, то з бізнэсам будзе ўсё ў парадку. Лепшыя месцы для забудовы, лепшыя месцы для заправак, доступ да перапродажу расійскіх энергарэсурсаў праз беларускія НПЗ — усё гэта засталося. Калі застанецца і надалей, то яны выжывуць, калі не — ім будзе крышка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі