Клуб, якім кіравала жонка Чыжа, раптоўна закрылі. Кліентаў і трэнераў выганяюць
Гэтак званым элітным велнэс-клубам EVO з 2011 года кіравала Святлана Чыж. Знаходзіцца ўстанова ў Мінску на вуліцы Багдановіча. Паводле непацверджанай інфармацыі, некалькі дзён таму кіраўніцтва клуба змянілася. Нібыта, гэта звязана з тым, што Юрый Чыж адмовіўся ад часткі свайго бізнэсу, каб пакрыць нейкія пазыкі.
А ў панядзелак 14 сакавіка каля 17.00 клуб нечакана зачынілі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла адна з кліентак Evo.
“Прыехала на трэніроўку. Звычайна пад’язджаеш пад шлагбаўм — і ён адчыняецца. А тут ніякай рэакцыі. Тэлефаную трэнеру, а яна вельмі асцярожна кажа: “У клуб зайсці нельга, у нас праверка. Усіх наведвальнікаў і нават нас, трэнераў, выганяюць. Не ведаю, як доўга клуб будзе зачынены — толькі сёння ці на некалькі дзён”, — паведамляе Еўрарадыё крыніца.
Ці дачакаецца бізнэс Чыжа выхаду свайго гаспадара з-за кратаў?
Людзей ва ўніформе каля клуба не відаць, але кліентка зрабіла выснову, што слова“праверка” азначае візіт праваахоўнікаў.
"Дынама-Мінск": Пасля затрымання Чыжа з офіса клуба нічога не выносілі
На сайце Evo з’явілася паведамленне: “14 сакавіка па тэхнічных прычынах клуб не працуе. Дзякуем за разуменне”.
З усіх пазначаных тэлефонных нумароў адказвае толькі кол-цэнтр, дзе запэўніваюць, што клуб не працуе “па тэхнічных прычынах, і справа толькі ў збоі сістэмы клуба”.
Трэнеры з Evo, да якіх Еўрарадыё датэлефанавалася, адказваюць, з трывогай у голасе: “Мы не з кіраўніцтва, тэлефануйце туды”.
Велнэс-клуб Evo пазіцыянуе сябе як аздараўляльная ўстанова для элітных кліентаў. Атрымаць клубную карту дазволена не кожнаму. Клуб адкрываўся як праект групы кампаній “Трайпл”, якую ўзначальвае затрыманы КДБ бізнэсмэн Юрый Чыж.