Колькасць гадзін на беларускую мову павялічыцца за кошт факультатываў
Колькасць гадзін на беларускую мову павялічыцца за кошт скарачэння факультатываў. Пра гэта паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна. "Тым самым максімальная нагрузка на вучня не будзе павялічана", — цытуе яе словы БЕЛТА.
Галоўны спецыяліст упраўлення нагадала, што з наступнага навучальнага года з другога класа ў школах (незалежна ад мовы навучання), на беларускую і рускую мовы адводзіцца аднолькавая колькасць гадзін (як і на беларускае і рускае літаратурнае чытанне). На вывучэнне моваў — тры гадзіны, літаратуры — дзве гадзіны ў тыдзень. Праз год новаўвядзенне з'явіцца ў другім-трэцім класах, праз два гады — у другім, трэцім і чацвёртым класах.
Гэта выклікана неабходнасцю стварэння роўных умоваў вучням, якія навучаюцца ў беларускамоўных і рускамоўных школах, для вывучэння гэтых прадметаў і захавання прынцыпу пераемнасці на першай і другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У першым класе колькасць гадзін застанецца ранейшай, таму што вучні толькі пачынаюць вывучаць грамату, фарміруюцца базавыя веды, уменні і навыкі чытання і пісьма.