Куды знік былы міністр прамысловасці Віталь Воўк?
Скандал на Аршанскім інструментальным заводзе каштаваў пасады міністру прамысловасці Віталю Воўку.
“Хутчэй за ўсё, міністра сюды, накіруем працаваць. У яго выбар адзін: ці турма, ці сюды", — гаворыць кіраўнік дзяржавы.
Ці прыехаў Віталь Воўк у Оршу і на якой пасадзе ён там будзе працаваць?
"На нашым прадпрыемстве ніякіх кадравых зменаў не адбывалася. Кадравым перамяшчэннем былога міністра мы не займаемся", — адказвае Еўрарадыё намесніца дырэктара Аршанскага інструментальнага завода Таццяна Драбашэўская.
У мясцовым райвыканкаме наконт працаўладкавання Віталя Воўка таксама нічога не ведаюць. Новых прызначэнняў пакуль не адбылося.
"Дзве кандыдатуры новых намеснікаў сёння разглядаліся на ўзгадненні ў губернатара, — кажа першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Пац. — Наконт кандыдатуры былога міністра прамысловасці Воўка нічога не магу сказаць, бо такое рашэнне прымае губернатар. Сярод двух новых кандыдатур прозвішча былога міністра няма".
Канкрэтнай інфармацыі, дзе і на якой пасадзе будзе працаваць Воўк, няма і ў Віцебскім аблвыканкаме. Там кажуць, што такое пытанне разглядаецца, але ніякіх дэталяў не паведамляюць.
"Ідзе пастаянная кадравая праца. Так проста чалавека не прызначыць: пасада ці вакантнай павінна быць, ці ссоўваць кагосьці. Пакуль працаўладкаваннем былога міністра мы не займаемся", — гаворыць кіраўнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Давыдоўскі.
Застаецца спадзявацца, што інфармацыя аб працаўладкаванні былога высокапастаўленага чыноўніка з’явіцца бліжэйшым часам, а сам Віталь Міхайлавіч зараз рыхтуецца да новага прызначэння. Бо выбар, як кажуць, у Віталя Воўка невялікі.
Віталь Воўк займаў розныя пасады на Мінскім аўтамабільным заводзе і заводзе колавых цягачоў. У снежні 2014 года быў прызначаны міністрам прамысловасці Беларусі. 16 жніўня 2018 года вызвалены ад высокапастаўленай пасады за невыкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы па комплексным развіцці Аршанскага раёна.