Кулеба распавёў, калі Украіна разарве дыпламатычныя адносіны з Беларуссю
Дыпламатычныя адносіны Украіны і Беларусі будуць разарваныя, як толькі беларускае войска перасячэ мяжу Украіны. Пра гэта ў інтэрв'ю Forbes заявіў кіраўнік украінскага МЗС Дзмітрый Кулеба.
"Беларусь — саўдзельніца злачынства агрэсіі, ніхто не ставіць гэтае пытанне пад сумнеў. Дыпламатычныя адносіны з Расійскай Федэрацыяй мы разарвалі адразу пасля пачатку поўнамаштабнага нападзення. Таксама яны будуць разарваныя з Беларуссю, калі ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь перасякуць мяжу Украіны", — заявіў міністр.
Па яго словах, паўтара месяца таму Украіна разглядала тэрыторыю Беларусі ў якасці аварыйнага шляха, па якім украінскае збожжа магло дастаўляцца ў еўрапейскія парты. Аднак гэтая гісторыя не стала рэальнасцю.
"Ва Украіну з Беларусі ляцяць ракеты. Беларускі маршрут разглядаўся намі і саюзнікамі выключна як шлях апошняй надзеі, калі нішто іншае не спрацуе. Нікому не хацелася супрацоўнічаць з Мінскам,[...], ні па якіх гандлёвых пытаннях. Але вельмі добра папрацавалі лагісты і прыватныя інвестары (трэйдары па сутнасці) у плане пашырэння магчымасцяў наземных шляхоў праз краіны ЕС, пайшоў прагрэс у перамовах па марскім шляху, таму варыянт аварыйнага беларускага шляху больш не на парадку дня", — сказаў Кулеба.
На пачатку чэрвеня Аляксандр Лукашэнка прапанаваў генсеку ААН Антоніу Гутэрышу арганізаваць транзіт беларускага зерня праз тэрыторыю Беларусі. Узамен ён запатрабаваў зняцце санкцый з афіцыйнага Мінску. Краіны Захаду гэтую прапанову праігнаравалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.