Купалаўскі тэатр Няфёдавай знайшоў рэжысёра і абяцае прэм'еру
Купалаўскі тэатр / Еўрарадыё
Купалаўскі тэатр на чале з новым мастацкім кіраўніком Вольгай Няфёдавай абяцае прэм'еру-спектакль "Жаніцьба", паведамляе "Наша Ніва".
На хвалі пратэстаў у мінулым годзе з тэатра сышла большая частка трупы. Новай адміністрацыі давялося набіраць новых актораў і шукаць рэжысёраў. На сцэне гэты час ішлі старыя пастаноўкі "Паўлінка", "Вечар" і "Чорная Пана Нясвіжа".
Паставіць новыя спектаклі ў Купалаўскім "прапаноўвалі многім, але ўсе адмовіліся", піша выданне. У выніку пагадзіўся 26-гадовы рэжысёр Данііл Філіповіч. Па нацыянальнасці ён азербайджанец, пра што сам расказаў у нядаўнім інтэрв'ю "Аргументам і фактам".
Журналісты распытвалі яго пра пастаноўку "Палётаў удваіх" у Тэатры юнага гледача — гэта гісторыя, пабудаваная на паэзіі Максіма Багдановіча і Алаізы Пашкевіч (Цёткі).
"Ідэю прапанаваў мастацкі кіраўнік тэатра, і я пагадзіўся — мне цікавая любая "дзвіжуха". Але, калі шчыра, раней я быў не вельмі знаёмы з беларускай літаратурай. Мне не блізкая і мова, хоць я яе лічу прыгожай. Думаю, мне гэта даравальна — я азербайджанец", — сказаў тады Філіповіч.
У гэтым жа інтэрв'ю ён прызнаваўся, што не ведае, як доўга затрымаецца ў Беларусі.
"Тут мне не хапае свабоды. А я люблю эпатаж на сцэне", — прызнаўся малады рэжысёр.
Ён скончыў Мінскі каледж мастацтваў і ГІТІС. Прэм'ера ў Купалаўскім запланаваная на канец ліпеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.