Кыргызстан просіць, каб ПАСЕ дапамагла ў экстрадыцыі Бакіевых з Беларусі

Кыргызстан звярнуўся да Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы з просьбай дапамагчы ў экстрадыцыі з Беларусі Бакіевых.

На ​​пленарным пасяджэнні ПАСЕ старшыня камітэта па міжнародных справах кіргізскага парламента Каныбек Іманаліеў нагадаў, што ў 2010 годзе краіна перажыла шэраг важных падзеяў. 7 красавіка 2015 года споўнілася роўна пяць гадоў з дня Народнай рэвалюцыі.

"Бакіевы асабіста аддалі загад на расстрэл людзей, якія выйшлі на мірны мітынг. Гэта быў апагей іх крывавага рэжыму. Былі забітыя мірныя грамадзяне. Загінула больш за 120 чалавек, больш за 1 тысячу атрымалі раненні. Прэзідэнт Бакіеў, яго брат Жаныш, які ўзначальваў службу дзяржаховы краіны, старэйшы сын Марат уцяклі з краіны. На радзіме яны завочна абвінавачаныя ў масавым забойстве, звязаным з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, і аб'яўленыя ў міжнародны вышук", — перадае БелаПАН словы Іманаліева. Ён згадаў, што ў часы кіравання Бакіевых у краіне адбываліся шматлікія заказныя забойствы дэпутатаў, бізнэсоўцаў і журналістаў.

Нагадаем, што Бакіеў з сям'ёй знаходзіцца ў Беларусі. Аляксандр Лукашэнка прызнаваўся, што сам даў загад выратаваць экс-кіраўніка Кіргізстана падчас рэвалюцыі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Бакіеў атрымаў беларускае грамадзянства. Усе апошнія гады Бішкек беспаспяхова дамагаецца ад Мінску выдачы Бакіевых.

Сёлета ў лютым Кыргызстан і Беларусь абмяняліся рэзкімі заявамі пасля забойства ў Мінску кіргізскага крымінальнага аўтарытэта. У Бішкеку ўпэўненыя, што за злачынствам стаіць сям'і Бакіевых, і патрабуюць іх выдачы.

У сваю чаргу, МЗС Беларусі кажа, што Кыргызстан мае спецыфічны падыход да правасуддзя. Беларускае дыпламатычнае ведамства сумняецца, што кіргізская дзяржава можа забяспечыць выкананне правоў сваіх грамадзян, у тым ліку і права на справядлівую судовую абарону.

Фота — Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі